12 гадоў таму Лукашэнка ўпершыню паабяцаў заробак у $500

12 гадоў таму Лукашэнка ўпершыню паабяцаў заробак у $500

12 гадоў і 7 месяцаў таму Аляксандр Лукашэнка ўпершыню паабяцаў беларусам заробак у $500. Гэта адбылося 5 кастрычніка 2004 года ў Глыбокім.

"Не думаю, што мы заўсёды будзем такімі беднымі, як сёння, — сказаў тады Лукашэнка. — Упэўнены, што сярэдняга заробку ў 250 долараў мы дасягнём. А ў наступнай пяцігодцы, кроў з носа, мы выйдзем на 500 долараў сярэдняга заробку. І тады нам хопiць грошай і на газ, нават калi ён будзе каштаваць па сусветных цэнах. Мы зробім усё, каб нашаму народу было крыху лягчэй. Наш народ гэта заслужыў".

Сярэдні заробак тады складаў 370408 рублёў. Па курсе на 5 кастрычніка 2004 года — $170,8.

Па апошніх звестках, сярэдні заробак беларусаў за люты 2017 года — 716,5 рубля, ці прыкладна $374. Гэта ў 2,2 разы больш, чым тады, у дажджлівым кастрычніку 2004-га. Але ўсё ж не 500 долараў, якіх заслужыў народ.

Для справядлівасці, адзначым, што гордая Беларусь двойчы дасягала заробку ў $500. Першы раз — на адзін месяц у снежні 2010 года. То бок, фармальна Лукашэнка нават стрымаў абяцанне. Другі раз — ужо на два месяцы, у сакавіку-красавіку 2011-га. Але скончыўся гэты аўкцыён небвыалай шчодрасці праблемамі на валютным рынку і травеньскай дэвальвацыяй. Трэці раз — у снежні 2012 года. Заробак, вышэйшы за $500, пратрымаўся больш за два гады, але ў канцы снежня 2014-га ўсё як заўжды скончылася дэвальвацыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі