Вы тут

10 гадоў калоніі за падпал танка, які ў Мінабароны называлі "фэйкам"

Танк у агні / Скрыншот з відэа

10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за падпал танка, які ў Мінабароны называлі "фэйкам". 26 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава вінаватым па артыкуле "акт тэрарызму". Рашэнне агучыла суддзя Алена Бушава. Абвінавачаны слухаў прысуд у закаваных кайданкамі за спінай рукамі. Як стала вядома, супраць яго распачатая яшчэ адна крымінальная справа, паведамляюць праваабаронцы.

Відэа з падпаленым танкам з'явілася ў сацсетках зімой. Нібыта, гэта быў "акт грамадзянскага непадпарадкавання... за маўчанне войска". У Мінабароны Беларусі тады заявілі, што насамрэч танк непашкоджаны і паўдзельнічае ў вучэбным баі на палігоне. Змясцілі яго фота.

На судзе мінчук заявіў, што знарок зрабіў "кактэйль Молатава" так, каб не прычыніць вялікай шкоды вайсковай тэхніцы на станцыі ў Сцяпянцы (танк быў у цягніку). Ён прызнаў віну часткова.

Ягор Міхайлаў / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.