Вы тут

Мінчука судзяць за падпалены танк, які Мінабароны назвала фэйкам

Кадр з палаючым танкам

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска з 8 ліпеня разглядаюць крымінальную справу супраць 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава. Яго вінавацяць па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса — акт тэрарызму, піша "Наша Ніва". 

Як паведамляецца, Міхайлаў кінуў "кактэйль Молатава" з надпісам "АГСБ" у танк, які стаяў у эшалоне на станцыі ў Сцяпянцы. 

Відэа палаючага танка з'явілася ў інтэрнэце на пачатку лютага. Было пазначана, што гэта "акт грамадзянскага непадпарадкавання... за маўчанне войска". Тады дзяржаўныя СМІ назвалі відэа фэйкам, а прэс-служба Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны танк і заявіла, што ён будзе ўдзельнічаць у вучэбным баі на палігоне. 

Аднак цяпер мінчука судзяць за акт тэрарызму. 

Бок абвінавачання паведаміў, што ўначы 31 студзеня Міхайлаў падрыхтаваў "кактэйль Молатава" ў лесе каля вуліцы Міхася Чарота ў Мінску. Потым ён пераліў вадкасць у бутэльку з надпісам "АГСБ", пешшу дайшоў да месца стаянкі эшэлона з вайсковай тэхнікай і падпаліў танк Т-72.

Міхайлаў прызнае віну часткова: прызнае падпал танка, але кажа, што не згодны з кваліфікацыяй і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў.

Хлопца вылічылі па відэазапісе з "Еўраопта", куды ён пайшоў каля чатырох гадзін раніцы пасля кідка "кактэйлю Молатава" ў танк. Затрымалі яго 13 лютага

На судзе мінчук заявіў, што знарок зрабіў "кактэйль Молатава" так, каб не прычыніць вялікай шкоды вайсковай тэхніцы. Надпіс "АГСБ" ён расшыфраваў як "атрады грамадзянскай самаабароны", але сказаў, што сам ён у іх ён не ўваходзіць. Надпіс жа зрабіў па просьбе знаёмага. 

Таксама ён сказаў, што кідаў бутэльку ў танк дзеля розыгрышу, але патлумачыць далей адмовіўся. 

Відэа свайго ўчынку ён скінуў знаёмаму — замежніку Дзісу. Менавіта Дзіса (грамадзяніна Германіі Дзяніса Хофмана) у дзяржСМІ называюць кіраўніком тг-чата "АГСБ". На судзе Міхайлаў заявіў, што Дзіс "не толькі не з'яўляецца ўладальнікам канала "АГСБ", ён нават ніколі не ўваходзіў у кола асобаў, набліжанае да кіраўніка"

Публікаваць відэа з танкам у ітнэрнце Міхайлаў не планаваў. Калі яно з'явілася, ён пакрыўдзіўся на Дзіса і больш не меў з ім кантактаў. 

На пытанне пракурора, чаму ён падпаліў баявую тэхніку, хлопец адказаў: "Мне падаўся пацешным той факт, што яна ніяк не ахоўваецца. Чаму яны не могуць абараніць сваю тэхніку, гэта здалося вельмі пацешным"

Мінчук сказаў, што яму прапаноўвалі даць інтэрв'ю ТГ-каналу "Баста", але ён адмовіўся, каб не ганьбіць вайскоўцаў і краіну. 

На судзе Міхайлаў паскардзіўся на ўмовы ўтрымання, сказаў, што яму не дазваляюць есці прадукты, якія ён купляе ў краме, і таму на судах ён пастаянна галодны (на судзе 15 ліпеня хлопец увесь час трымаўся за жывот).

Ягору Міхайлаву пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Ягор Міхайлаў
Выгляд танка пасля здарэння — па версіі Мінабароны / @modmilby
Выгляд танка пасля здарэння — па версіі Мінабароны / @modmilby

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.