З'явілася відэа, як расійскія футбалісты збілі чыноўніка Мінпрамгандлю РФ

З'явілася відэа, як расійскія футбалісты Аляксандр Какорын (форвард "Зеніта") і Павел Мамаеў (паўабаронца "Краснадара") збілі чыноўніка Мінпрамгандлю РФ Дзяніса Пака. Здарэнне адбылося ў адной з кавярняў Масквы, куды спартсмены прыйшлі паснедаць. Кампанія Какорына і Мамаева паводзіла сябе шумна, ім зрабілі заўвагу супрацоўнікі кавярні, а пасля — наведнік, які аказаўся чыноўнікам (сведкі сцвярджаюць, што хуліганы былі ў неадэкватным стане). Апошні футбалістам не спадабаўся, і яны накінуліся на яго, у Пака паляцела крэсла. Яго нібыта называлі "кітайцам" і раілі ехаць на радзіму і там рабіць заўвагі. У чыноўніка траўмаваная рука, ён атрымаў два ўдары ў твар.

Па некаторых звестках, таксама быў збіты гендырэктар навукова-даследчага аўтамабільнага і аўтаматорнага інстытута Сяргей Гайсін.

Што да Аляксандра Какорына і Паўла Мамаева, дык яны з месца здарэння збеглі яшчэ да прыбыцця паліцыі. Распачатая крымінальная справа.

У мінулым Какорын і Мамаеў былі гульцамі зборнай Расіі. У 2016-м яны трапілі ў скандальную гісторыю, калі адпачывалі ў адным з начных клубаў Манака.