Зянону Пазняку прапанавалі вярнуцца ў Беларусь

Зянону Пазняку прапанавалі вярнуцца ў Беларусь

Зянону Пазняку прапанавалі вярнуцца ў Беларусь. З адкрытым лістом да палітэмігранта звярнуўся паэт, былы палітвязень Славамір Адамовіч (ён быў змешчаны на сайце “Новага часу”). Ён называе Пазняка “беларускім нацыянальным лідарам у выгнанні”. Адамовіч прапанаваў палітыку “наведаць нашу краіну з нагоды святкавання надзвычайнай даты ў гісторыі нашага народу — 100-й гадавіны з часу абвяшчэння БНР”. Ён прапануе Зянону Пазняку скарыстацца бязвізам “на нашай заходняй мяжы”. А яго паплечнікі сустрэлі б палітыка ў пункце пропуску і забяспечылі “належны эскорт”.

Славамір Адамовіч піша, што прыезд у Беларусь Пазняка “з паўнамоцтвамі ад Рады БНР… стаўся б найярчэйшым і найістотнейшым момантам” адзначэння 100-х угодкаў абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зянону Пазняку 24 красавіка споўніцца 74 гады. Ён — адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту “Адраджэнне” яшчэ ў савецкія часы. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, лідарам Апазіцыі БНФ. Спрычыніўся да аднаўлення ў жнізні 1991 года незалежнасці Беларусі. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, заняў на іх трэцяе месца (на іх перамог Аляксандр Лукашэнка). На эміграцыі знаходзіцца ў 1996 года (з'ехаў пасля вулічнай акцыі "Чарнобыльскі шлях" і масавых затрыманняў), з’яўляецца кіраўніком Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, якая афіцыйна дзейнічае ў нашай краіне. Жыве ў Польшчы і ў ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі