Вы тут

Зянон Пазняк зноў раскрытыкаваў Бабарыку і Ціханоўскую

Зянон Пазняк / Еўрарадыё

Эміграцыйны палітык Зянон Пазняк у сваім чарговым запісе ў Фэйсбуку зноў раскрытыкаваў Віктара Бабарыку і Святлану Ціханоўскую. Ён заявіў, быццам за Бабарыку пачалася чарговая хваля медыя-прапаганды. 

"Працягваецца медыйная прапаганда па стварэнні з В. Бабарыкі вялікага палітыка, любімца беларускага народа і магутнага "апанента" Лукашэнкі, якога Лукашэнка нібыта найбольш баіцца. Хвальцы — публіка аднародная: найбольш журналісты (што не дзіўна) і тэарэтыкі ад палітыкі. (Пра агентуру Масквы нават не ўспамінаю.) Натуральна, ніхто з іх не кажа (быццам не чулі), што Бабарыка — крэатура Крамля (праз Газпрам) і што асабіста Пуцін спрычынены да газпрамаўскага праекту", — піша Пазняк. 

Па яго словах, прапаганда вобраза Бабарыкі ідзе насуперак фігуры Ціханоўскай. Ён крытыкуе Ціханоўскую за яе апошнія ініцыятывы. "Зразумела, што Бабарыку не падымеш на нумар адзін, не апусціўшы Ціханоўскую, якую самі ж зляпілі. Яе незаўважна, дарэчы, якраз і апускаюць. У апошні час Ціханоўская без перапынку вяшчае серыйныя глупствы (пра святкаваньне 23 лютага ў новым значэнні і т. п.)", — зазначае палітык.

Па словах Пазняка, у гэтай барацьбе няма месца для нацыянальных беларускіх інтарэсаў. "Беларусь у іх толькі на губах і падразумевае "страну для жызні" ў складзе Расіі, але не вольную беларускую нацыю. Для іх беларуская мова не ёсьць дэмакратыяй, а гісторыя змагання за беларускую незалежнасць — чужая і ненавісная", — піша ён.

Нагадаем, што ў Дзень роднай мовы Святлана Ціханоўская правяла нацыянальную дыктоўку, а сёння заклікала рыхтавацца да Дня Волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.