Вы тут

Зяленскі звярнуўся да ўкраінцаў: “Аб’яднаемся, каб рухацца наперад!” (відэа)

Reuters

Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да ўкраінцаў. У адрозненне ад сваіх апанентаў, каманды дзейнага прэзідэнты Пятра Парашэнкі, ён не дапусціў у відэароліку негатыву. У ім зняліся некалькі дзясяткаў чалавек, якія мусяць прадстаўляць усе слаі ўкраінскага грамадства.

“Гэта мы, — па-украінску кажа за кадрам Зяленскі. — Тыя, каго падзялілі на правільных і няправільных, на маларосаў і вышыватнікаў, тых, каго называюць быдлам, клоўнамі, хахламі. Але мы — гэта ўкраінцы. На поўначы, поўдні, усходзе і захадзе. І мы стаміліся стаяць на месцы ў чаканні, пакуль скончыцца эпоха прагнасці, беднасці, хлусні. Таму мы робім гэта разам, украінамоўныя і рускамоўныя, заможныя і беспрацоўныя, тыя, хто абараняюць Украіну і тыя, каго прымусілі шукаць шчасця за мяжой. Мы розныя, але такія аднолькавыя. Аб'яднаемся, каб рухацца наперад!”.

У гэты момант у кадры з’яўляецца сам Уладзімір Зяленскі, які кажа: “Бо 21 красавіка выбар толькі адзін — мінулае ці будучыня". З’яўляюцца тытры: “21 красавіка — канец старой эпохі”. У гэты дзень адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У першым туры Зяленскі набраў амаль удвая больш галасоў, чым Парашэнка. Каб выправіць сітуацыю, каманда дзейнага прэзідэнта выкарыстоўвае чорны піяр — Уладзіміра Зяленскага называюць “наркаманам”, у рэкламнай прадукцыі наўпрост заяўляецца, што Парашэнка ў другім туры будзе змагацца з… расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Зяленскі адказаў пазітыўным відэаролікам.