Украіну падключылі да еўрапейскай энергасістэмы. Пра гэта паведаміў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. "Украіна стала членам "энергетычнага Еўрасаюза", — піша ён. — Завяршылася аб'яднанне ўкраінскай і еўрапейскай энергасістэмаў. Цяпер наша электраэнергія цячэ ў ЕС, а еўрапейская — ва Украіну".
Украіна цалкам адключылася ад энегасістэмаў Беларусі і Расіі напярэдадні расійскай агрэсіі. Пасля гэтага краіны ЕС ухвалілі хуткае правядзенне сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з еўрапейскай. У Бруселі адзначалі, што гэта "стратэгічная ініцыятыва, мэтай якой з'яўляецца ўмацаванне энергетычнай незалежнасці Украіны". Чакалася, што сінхранізацыя будзе завершаная да 2023 года. Аднак Кіеў прасіў прыспешыць гэты працэс, паколькі ва ўмовах вайны энергасістэма Украіны аказалася ізаляваная.