Зяленскі: Пуцін хоча ўтапіць Украіну ў крыві сваіх салдат

Уладзімір Зяленскі падчас інтэрв'ю Bild / bild.de

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Bild пракаментаваў аб'яўленую ў Расіі частковую мабілізацыю: Уладзімір Пуцін "хоча ўтапіць Украіну ў крыві, але таксама і ў крыві сваіх уласных салдат".

Зяленскі заявіў, што правядзенне частковай мабілізацыі ў РФ паказвае наяўнасць у расіян праблем у войску, у тым ліку і з афіцэрамі. Ён расказаў пра гібель у баях расійскіх курсантаў, якія не паспелі скончыць навучанне і былі кінутыя на фронт. "Яны прыходзяць да нас паміраць", — кажа Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны не збіраецца адмяняць дэакупацыю акупаваных Расіяй тэрыторый у сітуацыі правядзення там расіянамі "рэферэндумаў". "Мы крок за крокам будзем дзейнічаць у адпаведнасці з нашымі планамі, — заявіў Уладзімір Зяленскі. — Я ўпэўнены, што мы вызвалім нашу тэрыторыю".

Што да ядзернага шантажу з боку Пуціна, то прэзідэнт Украіны не верыць, што расійскі прэзідэнт зможа выкарыстаць гэтую зброю: "Я не думаю, што свет дазволіць яму яе выкарыстаць". Пры гэтым Зяленскі прызнае, што пагроза ядзернага ўдару Расіі ёсць. Аднак ён заклікае не паддавацца на пагрозы Уладзіміра Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.