Вы тут

Зяленскі прапанаваў Саакашвілі стаць віцэ-прэм'ерам

Міхэіл Саакашвілі / УНІАН

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў Міхэілу Саакашвілі стаць віцэ-прэм'ерам па рэформах. Пра гэта Саакашвілі напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Экс-прэзідэнт Грузіі заявіў, што для яго такая прапанова "вялікі гонар". Ён збіраецца прадставіць у Вярхоўнай Радзе сваю праграму дапамогі ўраду "з канкрэтнымі напрацоўкамі".

Міхэіл Саакашвілі меў размову з украінскім прэм'ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем. Яны абмеркавалі пытанні, звязаныя з магчымым прызначэннем Саакашвілі.

Міхэілу Саакашвілі 52 гады. Ён стаў прэзідэнтам Грузіі ў 2004 годзе пасля "рэвалюцыі ружаў" і прабыў на гэтай пасадзе два тэрміны — да 2013-га. Пасля прайграў палітычную барацьбу і быў вымушаны пакінуць Грузію. У 2014-м падтрымаў новую ўладу ва Украіне, праз год ачоліў Адэскую абласную дзяржадміністрацыю, быў дарадцам прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Атрымаў украінскае грамадзянства. У 2016-м пайшоў у адстаўку, стаў у жорсткую апазіцыю да рэжыма Парашэнкі, арганізоўваў вулічныя акцыі пратэсту. У 2017-м Пётр Парашэнка пазбавіў Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства, яго дэпартавалі з Украіны. Палітык жыў у Нідэрландах. У траўні 2019-га новы ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вярнуў Міхэілу Саакашвілі ўкраінскае грамадзянства, і ён прыехаў ва Украіну.

Падчас працы ў Адэсе Саакашвілі меў публічны канфлікт з міністрам унутраных спраў Арсенам Авакавым, які займае гэтую пасаду дагэтуль. Зусім магчыма, што рашэнне Зяленскага сведчыць пра будучую адстаўку Авакава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.