Вы тут

Зяленскі прапанаваў Цімашэнка быць арбітрам на дэбатах з Парашэнкам

Крыніца: Reuters

Уладзімір Зяленскі прапанаваў Юліі Цімашэнка быць арбітрам на дэбатах з дзейным прэзідэнтам Пятром Парашэнкам. Дэбаты мусяць адбыцца перад другім турам выбараў прэзідэнта Украіны, прызначанага на 21 красавіка. У першым туры Зяленскі набраў 30,24%, Парашэнка — 15,95%, Юлія Цімашэнка — 13,4% галасоў.

На дэбатах настойвала каманда Парашэнкі. 3 красавіка Зяленскі заявіў, што пагаджаецца на дэбаты, але з шэрагам умоў. Месцам іх правядзення ён прапанаваў стадыён "Алімпійскі" ў цэнтры Кіева, яны мусяць адбыцца ў жывым эфіры. Пётр Парашэнка пагадзіўся.

4 красавіка ў чарговым відэазвароце Уладзімір Зяленскі заявіў наступнае: "Для недапушчэння подкупу, правакацый і адміністрацыйнага ціску мы прапануем прызначыць асобнага, незалежнага арбітра і вядучага для правядзення дэбатаў. Юлія Цімашэнка, вы занялі трэцяе месца ў першым туры і не падтрымалі ні аднаго з кандыдатаў. Ці зможаце вы стаць гарантам сумленных правіл і роўных магчымасцяў на дэбатах?"

Зяленскі чакае адказу на працягу 24 гадзінаў. Юлія Цімашэнка думае.