Вы тут

ЗША абмежавалі візавы рэжым для 6 краін: Беларусі сярод іх няма

Хлопчык і сцяг ЗША / Reuters

ЗША не сталі абмяжоўваць візавы рэжым для Беларусі. 31 студзеня адміністрацыя Дональда Трампа абвясціла, што абмяжоўвае легальную іміграцыю з шасці краін: Кыргызстана, М'янмы, Эрытрэі, Нігерыі, Судану і Танзаніі. Беларусь першапачаткова была ў гэтай кампаніі, але ў Белым доме перадумалі.

Для Кыргызстана, М'янмы, Эрытрэі і Нігерыі абмежаваныя іміграцыйныя візы. Гэты тып віз выдаецца тым, хто хоча пастаянна пражываць на тэрыторыі ЗША. У тым ліку — людзям, якіх спансуюць сваякі ці працадаўцы. Таксама ў гэтых чатырох краінах больш не будзе працаваць праграма Green card.

Грамадзяне Судана і Танзаніі таксама больш не змогуць прэтэндаваць на Green card.

Ануляваная амерыканская віза / Reuters

Што аб'ядноўвае Беларусь з краінамі з "чорнага спісу"?

Канкрэтна да Беларусі Белы дом прэтэнзій не мае. Аднак вядомыя прынцыпы, па якіх фармуецца спіс: невыкананне патрабаванняў бяспекі, адсутнасць біяметрычных звестак, недастаткова інтэнсіўны абмен інфармацыяй з ЗША і недастатковыя меры па барацьбе з тэрарызмам.

Першапачаткова краіны, у дачыненні да якіх Трамп увёў візавыя санкцыі яшчэ ў 2016 годзе, мелі яшчэ адну адметную адзнаку: у іх пераважалі мусульмане. Аднак пасля абвінавачванняў у рэлігійнай нецярпімасці спіс падкарэктавалі. А ў новых кандыдатах на візавыя абмежаванні мусульмане не складаюць большасць.

Яшчэ адзін крытэрый — колькасць пратэрмінаваных віз. Па звестках Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША, у 2018 годзе даўжэй прадугледжанага тэрміну заставаліся ў краіне 24% эрытрэйцаў, 15% нігерыйцаў і 12% грамадзян Судана. Па беларусах такой статыстыкі няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.