Зрабіць так, каб ад расіян не засталося і следу: як аднаўляецца Украіна

Жыхары Лукашоўкі Чарнігаўскай вобласці ля разбуранай царквы / Pasha Youz​
Жыхары Лукашоўкі Чарнігаўскай вобласці ля разбуранай царквы / Pasha Youz​

Два месяцы таму УСУ вызвалілі акупаваныя расіянамі Лукашоўку і Ягаднае ў Чарнігаўскай вобласці. Большасць дамоў у гэтых вёсках была разбураная дашчэнту. У красавіку нашы ўкраінскія калегі з hromadske ездзілі ў Лукашоўку і Ягаднае і размаўлялі з мясцовымі жыхарамі пра тое, як яны перажылі акупацыю. Большасць з іх не збіралася пакідаць родныя мясціны і планавала адбудоўваць свае дамы.

Цяпер валанцёрская ініцыятыва Repair Together з Кіева прыязджае ў вёскі  Чарнігаўшчыны і дапамагае людзям спраўляцца з наступствамі вайны і аднаўляць разбураныя дамы. Гэты рэпартаж — пра самаарганізацыю ўкраінцаў і дапамогу тым, хто мае патрэбу ў гэтым больш за ўсё.

Такая праца супакойвае

Каля згарэлай падчас гэтай вайны Узнясенскай царквы ў Лукашоўцы спыняюцца два аўтобусы. Яны запоўненыя маладымі людзьмі — каля 100 валанцёраў прыехала на талаку разбіраць разбітыя ў вёсцы дамы. Гэта другая іх вылазка ў Лукашоўку, да гэтага яны працавалі ў Ягадным. 

Моладзь бярэ інструменты — рыдлёўкі, граблі і іншыя — і збіраецца каля царквы. Два месяцы таму расіяне выкарыстоўвалі храм у якасці штаба і захоўвалі тут усе боепрыпасы. Цяпер ён служыць пунктам збору для людзей, якія прыехалі прыбіраць пасля акупантаў. Арганізатары дзеляць валанцёраў на групы, якія будуць сёння працаваць у чатырох найбольш пашкоджаных дамах. Астатнія ідуць працаваць на трактарах. Усе разыходзяцца па сваіх месцах.  

Каля царквы — вуліца з самымі пацярпелымі ад снарадаў дамамі. У красавіку тут усё было высланае дошкамі ад платоў, абломкамі дахаў і вокнаў. Цяпер вуліца выглядае больш ахайна, хоць працы з аднаўленнем дамоў у жыхароў вёскі яшчэ нямала. 

Ірына з усмешкай сустракае хлопцаў, якія прыйшлі ёй дапамагчы. Увесну, калі расіяне акупавалі Лукашоўку, у двор Ірыны ўпала некалькі снарадаў. Першы часткова пашкодзіў дом — выбіла вокны і знесла дах. Тады расіяне забіраліся ў дом і бралі ўсё, што бачылі. Другі снарад разбурыў дом дашчэнту, машыны згарэлі. Трэці трапіў у хлеў. Ацалеў толькі склеп, у якім хавалася сям'я Ірыны і яе суседзі. 

Ірына разам з валанцёрамі стаіць каля адной з абвугленых машын, яны абмяркоўваюць далейшы план дзеянняў: "Гэтым разам будзем перабіраць і пераносіць цэлую цэглу з хаты ў разбураны хлеў. Пабудуем з мужам з гэтых цаглін часовае збудаванне".

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
Ірына, жыхарка Лукашоўкі, чыё жыллё было разбуранае акупантамі / Ксюша Савоськіна / hromadske

Хтосьці з групы падае ідэю: выстраіцца ў калону ад дома да хлява і перадаваць адно аднаму цэглу. Апошні чалавек у калоне складвае яе ў роўную кучу, выбудоўваючы ля хлява сценку. З калонкі, якую прынёс хтосьці з валанцёраў, пачынае раздавацца "Ой у лузі червона каліна", дзяўчаты ціха падпяваюць, і праз некалькі хвілін мы ў тэмпе музыкі перадаём адно аднаму цэглу.  

"Якія залатыя дзеці!" — захапляюцца мясцовыя бабулі, якія сабраліся на лавачцы насупраць паглядзець валанцёраў. Разам з намі прыбірае і стэндапер Васіль Байдак. Ён на талацэ ўжо другі раз.

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
Кіеўскія валанцёры з ініцыятывы Repair Together збіраюць ацалелую цэглу на руінах разбуранага дома ў вёсцы Лукашоўка / Pasha Youz

"Важна ўдзельнічаць не толькі данатамі УСУ, але і дапамагаць фізічна. Па-мойму, гэта дапамагае не толькі людзям, якія пацярпелі, але і вам асабіста, таму што такая праца супакойвае. Да таго ж у нас ёсць магчымасць прыбраць усё так, каб ад расіян не засталося і следу", — кажа Вася. 

Праз гадзіну робім невялікі перапынак. Сонца абпальвае нам плечы і насы. Усе намазваюцца крэмамі, каб не згарэць, і абліваюцца спрэямі ад насякомых. Сёлета ў Лукашоўцы іх вельмі шмат. Ірына цяпер падрабязней расказвае, як змянілася іх жыццё пасля нашай красавіцкай сустрэчы. Муж і сын працуюць у Чарнігаве, а яна жыве ў суседкі і апрацоўвае агарод, каб восенню быў ураджай.

"Хутка муж пойдзе ў адпачынак, каб мы маглі пабудаваць хоць бы часовае збудаванне. Паставім там маленькую печку, прыбіральня будзе на вуліцы, але нам трэба неяк перазімаваць. Цяпер валанцёры дапамагаюць разбіраць мой "палац", і жыццё патроху паляпшаецца. Не ведаю, як будзе далей і калі мы зможам адбудавацца, але тое, што нам дапамагаюць, вельмі паляпшае настрой", — кажа Ірына.

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
Стэндап Васіля Байдака ў Лукашоўцы / Pasha Youz

Не чакаць дапамогі ад дзяржавы, а зрабіць самім

У другой палове дня каля царквы пахне смажанымі курынымі крылцамі: арганізатары гатуюць абед для валанцёраў. Пасля працы пад адкрытым небам апетыт разгульваецца добра, і нос востра адчувае водары, якія даносяцца з базы. 

Саша, адзін з арганізатараў, расказвае нам, што пачыналіся вылазкі з невялікай кампаніі сяброў, якія вырашылі дапамагаць пацярпелым ад вайны. Выбралі Ягаднае, таму што праз разбураны мост даехаць туды прасцей з Кіева, чым з Чарнігава. 

"Большасць арганізацый бярэцца адразу за цалкам разбураныя дамы, а цяпер пачалося лета, дажджы — і людзі ўжо маюць патрэбу ў дапамозе. А чакаць ад дзяржавы, пакуль яна прыйдзе і паправіць, давядзецца яшчэ некаторы час. Мы вырашылі, што можам гэта зрабіць самі. Гэта невялікія грошы", — тлумачыць Саша. 

Гэтая талака ўжо чацвёртая. Яна, як і мінулая, доўжыцца два дні. На ноч валанцёры разбіваюць намётавы гарадок. Апошнія дзве талакі сабралі рэкордную колькасць людзей — да сотні. Наступны выезд арганізатары плануюць праз тыдзень-два. На пятую талаку хочуць сабраць каля двухсот валанцёраў. 

— Як мясцовыя адрэагавалі, калі вы прыехалі да іх упершыню дапамагаць? — пытаюся я Сашу.  

— Яны не вельмі разумелі, што адбываецца, чаму мы прыбіраемся ў іх у двары. А потым пазнаёміліся і пачалі сябраваць. Адна з жанчын сёння перадала нам хатнія кансервы на абед.  

Калі ў Лукашоўцы завершыцца ўборка, арганізатары будуць устаўляць вокны. А потым перамесцяцца ў іншыя пасёлкі, якія патрабуюць аднаўлення. Акрамя таго, кажа Саша, у планах — арганізаваць невялікія кірмашы ў вёсках, дзе мясцовыя жыхары маглі б прадаваць хатнія прадукты, каб зарабіць.

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
Кіеўскія валанцёры з ініцыятывы Repair Together дапамагаюць жыхарам вёскі Лукашоўка
/ Pasha Youz

"Хаваліся за жаночымі спадніцамі"

Абед завяршаецца, і ўсе вяртаюцца да працы. Мы працягваем шпацыраваць па вёсцы. Група валанцёраў заходзіць у дом, частка якога цалкам разбураная — ні даху, ні сцен з левага боку. Звонку бачна, што ўнутры дома. 

70-гадовая Таццяна падмятае падлогу, пакуль валанцёры разбіраюць цэглу ад разбураных сцен. 

"Я была ў іншай частцы дома, калі прыляцела. Не зразумела спачатку, што адбываецца, толькі бачу — з той часткі пакоя ляціць пясок. Усё жыццё будавалі, збіралі на нешта, а яны такое нарабілі", — кажа Таццяна. 

У яе ў двары да гэтага часу застаюцца выкапаныя расіянамі акопы, а каля плота пабудаванае з цэглы нешта накшталт блокпаста. 

"Суседка прыйшла аднойчы і кажа: "Вось ты так прыгожа цэглу паклала". Ага, рабіць мне няма чаго, — злуецца Таццяна. — Яны (расіяне. — рэд.), як гаворыцца, за жаночымі спадніцамі хаваліся: сядзелі з намі ў склепах, ставілі ля дамоў тэхніку сваю".  

Без суправаджэння расіян кроку нельга было зрабіць, кажа Таццяна. Пакуль царква была цэлая, яны суправаджалі жанчын нават туды. Увогуле, адчувалі сябе гаспадарамі: у жыхароў Лукашоўкі кралі каштоўнасці, а ў Таццяны забралі коўдру, якую яна купіла на дзень нараджэння ўнучцы ў падарунак. 

"Адзін пытаецца мяне, ці хачу я ў Расію. А я яму: Бачыла я вашу Расію, у мяне там сястра на поўначы жыла, ніводнага нармальнага горада няма. Наша Украіна нашмат лепшая", — пераказвае дыялог з акупантам жанчына. 

Таццяна, як і большасць жыхароў Лукашоўкі, перажывае, як будзе зімаваць у такім пабітым доме. Больш-менш ацалеў адзін пакой, але і ў ім разбітыя вокны і дзверы.

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
70-гадовая Таццяна ў сваім разбураным доме / Pasha Youz

"Хацеў бы бачыць менавіта такую Украіну, дзе кожны за кожнага"

45-гадовы Аляксей прыехаў дапамагаць у Лукашоўку, хоць і сам моцна пацярпеў ад вайны. Яго вёска Ніжняя Дуванка трапіла пад акупацыю ў 2022 годзе. Дачку давялося вывозіць праз Расію і Латвію ў Польшчу. Такіх, як Аляксей, у Луганскай вобласці называюць новымі перасяленцамі. Старыя — тыя, што выехалі з рэгіёна пасля 2014 года.  

"Я ўбачыў аб'яву, што патрэбныя валанцёры ў Барадзянцы. Сеў на цягнік, прыехаў у Кіеў, знайшоў валанцёрскія групы ў тэлеграме і ўжо два месяцы дапамагаю прыбіраць у розных вёсках. Увогуле, я ўспрымаю гэта ўсё як нешта часовае, што я дапамагаю людзям, жыву ў хостэлах, не шукаю працу, таму што я спадзяюся найбліжэйшым часам вярнуцца да сябе дадому", — кажа Аляксей.

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
45-гадовы Аляксей, які цяпер валанцёрыць у Лукашоўцы / Ксюша Савоськіна / hromadske

У гэтай групе мы знаёмімся з Юляй. Яна, як і Аляксей, валанцёрыць ужо не першы раз. З пачатку шырокамаштабнай вайны спрабуе ўдзельнічаць у розных ініцыятывах. Гэтым разам прыехала на талаку. 

"Я заўсёды любіла Украіну, а цяпер гэта вялікая рана, і кожная гісторыя — як свая. Хочацца быць побач, каб раздзяліць гора з людзьмі. І калі мы можам дапамагчы фізічна, то чаму б гэта не зрабіць?" — тлумачыць Юля.

На талацэ, кажа яна, можна сустрэць аднадумцаў, неабыякавых людзей, з якімі лепш трымацца разам: "Я хацела б бачыць менавіта такую Украіну, дзе кожны за кожнага. Калі ў твой дом прыляціць, прыйдуць людзі і дапамогуць. Табе не трэба за імі потым бегаць і спрабаваць усунуць грошы, яны прымуць просты дзякуй". 

Менавіта гэта і ёсць стратэгічная мэта праекта, кажа арганізатар Саша. Тым часам першы дзень талакі падыходзіць да канца. Мы развітваемся з мясцовымі і едзем начаваць з намётамі ў Ягаднае. Увечары сядаем ля вогнішча, нанізваем на палкі зефір і расказваем гісторыі з даваеннага жыцця.

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Сделать так, чтобы от россиян не осталось и следа: как восстанавливается Украина
Валанцёры з ініцыятывы Repair Together ля вогнішча ў Лукашоўцы / Pasha Youz

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі