Зніклі “грошы салідарнасці”

Альбо дзе зараз Дзяніс Дзянісаў і 7500 долараў, сабраныя ў свой час дзеля
залога?

У Сусветным сеціве з’явіўся адкрыты ліст, падпісаны
дзяўчынай Петрай, якая зладзіла найбуйнейшую акцыю салідарнасці за ўсю гісторыю
Беларусі: “Падары свабоду палітвязню”. Для таго, каб выпусцілі на волю Дзяніса
Дзянісава было назбірана амаль 7,5 тысяч долараў. Грошы на залог Дзянісу
здавалі ў асноўным звычайныя людзі, аднак былі і дастаткова вядомыя
суайчыннікі, сярод якіх Аляксандр Фядута і нават журналістка Еўрарадыё. Падчас
кампаніі абмяркоўваліся розныя варыянты выкарыстання сабраных грошай: некаторыя
хацелі зрабіць своеасаблівую касу салідарнасці, каб уносіць залог за
палітзняволеных. Іншыя нават прапаноўвалі такім жа чынам вызваліць Андрэя Клімава.

Віцебскі моладзевы актывіст быў вызвалены з СІЗА яшчэ 11
красавіка. Нагадаем, што Дзянісава абвінавацілі ў арганізацыі масавых
беспарадкаў, за што яму пагражала 3 гады зняволення. А 29 траўня крымінальную
справу спынілі, і грошы ў хуткім часе павінны былі быць вернутыя. Аднак, як
стала вядома з ліста Петры, зніклі і грошы, і сам Дзяніс Дзянісаў:

“Я спадзяюся, што сітуацыя, якая склалася, гэта не канец, а нейкі
малапрыемны паўфінал”.

Грошы былі сабраныя менш чым за месяц і маці Дзяніса
разам з Петрай аднеслі іх ў банк.

Пасля апраўдання Дзяніса грошы, заплачаныя як залог,
павінны былі вярнуць:

“Калі стала вядома, што грошы вернуць, мы з Дзянісам думалі аддаць іх альбо
ў дзіцячы дом, альбо на залог іншым палітвязням. Мы вырашылі, што трэба
прынамсі прапанаваць людзям забраць грошы, каб потым яны ўжо самі вырашалі, што
з імі рабіць. Я нават пераконвала людзей, што трэба забраць грошы, бо гэта
вялікая адказнасць. Дзяніс жа сказаў, што зараз маці перавядзе грошы яму на
рахунак і ён іх будзе забіраць”.

Дзяніс папрасіў
маці перавесці грошы ў Мінск, каб ён сам мог іх забраць. Як расказаў былы
палітвязень па тэлефоне Петры, увечары, калі актывіст вяртаўся з грашыма, на
яго напалі і адабралі грошы. Раіса Аляксееўна, маці Дзяніса, расказала
Еўрарадыё, што Дзяніс зараз з’ехаў у Польшчу вучыцца:

“Ён папрасіў мяне перавесці яму грошы ў Мінск, таму што баяўся за такую
суму грошай. Таму грошы ён здымаў сам у Мінску. Пасля таго, як яго абакралі, я
ўжо збірала яму грошы на тое, каб ён здолеў паехаць у Варшаву вучыцца. Мне ён
больш ні разу не тэлефанаваў. Затое з ім размаўляў брат – ён яму патэлефанаваў
і сказаў, што усе нармальна, даехаў, вучыцца”.

Раней Дзяніс расказваў Петры, што збіраецца ў Польшчу
вучыцца:

“Ён тады мне гаварыў, што збіраецца ў Польшчу. Дзяніс тады не ўдакладніў,
куды, але дакладна, што вучыцца. Зараз жа знаёмыя мне кажуць, што ён дакладна
там”.

Цікава тое, што маці Дзяніса і зараз чамусьці спрабуе
ўпэўніць усіх у тым, што грошы, якія ў яго скралі, ён не марнаваў:

“Ён увогуле не шыкаваў, я ж бачыла. Нават нічога сабе не набываў”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці сапраўды Дзяніс Дзянісаў
паехаў вучыцца за мяжу па праграме імя Каліноўскага. Па словах Інны Кулей,
старшыні Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Дзянісаў з 3 верасня
навучаецца ў Польшчы:

“Гэта рэпрэсаваны малады чалавек, два разы адлічаны з навучальнай
установы. Ён прайшоў усе туры адбору
польскага боку, у Польшчу ён паехаў ужо 3 верасня. З праваабаронцамі мы
дамовіліся сустрэцца на наступным тыдні і абмеркаваць сітуацыю: звязацца з
Дзянісам, пагаварыць з ім на гэтую тэму і тады ўжо вырашаць. Альбо кляйміць
яго, альбо чалавек сам заблытаўся, альбо нас заблытаў”.

Аказалася, што Дзяніс разлічыўся грашыма з праваабарончымі
арганізацыямі:

“Параіўшыся з Радай Камітэту мы прынялі рашэнне дапамагчы Дзянісу. Да
рашэння далучыліся і іншыя праваабаронцы. Далей на працягу 10 дзён пасля
вызвалення Дзяніс поўнасцю з намі разлічыўся”

На фота Дзяніс Дзянісаў
Фота: http://3dway.org/node/7650