Вы тут

Znich пачалі запіс новага альбома з песнямі на вершы Багдановіча

Гурт Znich узяўся за запіс новай кружэлкі. Першай ластаўкай з яго стаў сінгл "Дунаю", які музыкі прадставілі на адборы на "Еўрабачанне-2016". Цяпер каманда ездзіць у Гомель да гукарэжысёра Аляксея Коршуна. Ён дагэтуль паспяхова справіўся з новым дыскам ТТ-34 і, па словах галоўнага "зніча" Алеся Таболіча, мае выключны густ і вельмі добра разбіраецца ў металічнай і альтэрнатыўнай музыцы. На сёння Znich скончыў запіс барабанаў і на наступных выхадных возьмецца за гітарныя партыі. На думку Таболіча, да лета праца над кружэлкай будзе скончана.

"Большую частку песень на альбоме напісаў наш басіст Аляксандр Філіпенка, — пералічвае асаблівасці LP Алесь Таболіч. — Будзе шмат электронікі і незвычайных гукавых момантаў, атрыманых за кошт гучання этнічных інструментаў. Гэта першае. Па-другое, ён будзе вытрыманы ў філасофскім кірунку. Уздыме пытанні сучаснага жыцця. Многія песні напісаныя на вершы Максіма Багдановіча".

 

Алесь падкрэслівае, што альбом пішацца новым складам музыкаў, некаторыя з якіх не так даўно прыйшлі ў Znich. Ён стане і вынікам 20-годдзя гурта, якое пэган-металісты адзначаюць акурат у 2016 годзе.

Увогуле, апроч выпуску новай кружэлкі, каманда мае вялікія планы на новы год. Гэта і тур па гарадах Беларусі, і выступ на буйным оўпэн-эйры ў Латвіі, і правядзенне традыцыйнага летняга фэста "Купальскае Кола".

20 сакавіка ў клубе Re:Public пройдзе "Дзень веснавога раўнадзенства", падчас якога і будзе адзначана 20-годдзе Znich. На канцэрце гурт пакажа матэрыял, які ўвойдзе ў новы альбом.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі