Вы тут

Знайшлі замену звольненаму з Гродзенскага драмтэатра рэжысёру

Сяргей Яскевіч / @kulturagrodno

Новым рэжысёрам-пастаноўшчыкам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра стаў Сяргей Яскевіч, паведамляе телеграм-канал "Культура Гродзеншчыны".

Яскевіч прыходзіць на месца Сяргея Курыленкі. Яго, рэжысёра-пастаноўшчыка і заслужанага артыста, разам з галоўным рэжысёрам тэатра Генадзем Мушпертам звольнілі 27 кастрычніка "за адмову выконваць службовыя абавязкі". Рэжысёры заявілі пра намер далучыцца да страйку.

Акрамя таго, у верасні Курыленка затрымлівалі разам з жонкай актрысай Валянцінай Харытонавай на акцыі пратэсту. Калі ў тэатры пра гэта даведаліся, артысты спынілі спектакль. Пазней іх прымусілі пісаць тлумачальныя, а ў тэатр "на размову" прыязджаў старшыня аблвыканкама Ўладзімір Каранік. Артысты адмаўляліся гуляць камедыі, пакуль на вуліцах б'юць людзей. У выніку з тэатра звольнілі і шэраг акцёраў.

Замену Курыленку шукалі нават у Расіі — у прыватнасці, прапаноўвалі пераехаць у Гродна беларускаму рэжысёру-пастаноўшчыку Цімафею Ткачову, які зараз працуе ў Расіі і ў Казахстане.

"Прапанова паступіла ад аднаго расійскага тэатра, да якога хтосьці звярнуўся па дапамогу. Я ў адказ патлумачыў, што з Гарадзенскага тэатра выгналі 2 рэжысёраў і ⅓ трупы за палітычныя погляды. Я не буду падтрымліваць злачынцаў, займаючы месцы рэпрэсаваных людзей", — адрэагаваў тады Ткачоў.

Новы рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Яскевіч скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працаваў у Гомельскім абласным драмтэатры, у драмтэатрах Мазыра і Слоніма. Паставіў больш за 20 спектакляў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.