“Змяніць да парламенцкіх выбараў выбарчае заканадаўства нерэальна”

“Змяніць да парламенцкіх выбараў выбарчае заканадаўства нерэальна”

Ад сёння ў Мінску пачала працу міжведамасная экспертная працоўная група па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. 16 лютага сябры групы правялі першае арганізацыйнае пасяджэнне. На ім адразу паведамілі: спадзявацца на тое, што сёлетнія парламенцкія выбары пройдуць з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, не варта, бо іх не паспеюць унесці ў выбарчае заканадаўства.

Па словах дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава, для пачатку экспертная група павінна вывучыць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і распрацаваць адпаведную “законапраектную прапанову”.

Вадзім Іпатаў: “Пасля з’яўлення законапраектнай прапановы фармуецца працоўная група з зацікаўленых дзяржаўных органаў, якія канцэптуальна рыхтуюць палажэнне новага праекта. Гэты праект неабходна ўзгадніць з усімі зацікаўленымі ўстановамі, што таксама займае пэўны час. Пасля таго, як законапраект з усімі ўзгоднены, ён павінен прайсці працэдуру юрыдычнай экспертызы і працэдуру крыміналагічнай экспертызы. Толькі пасля гэтага суб’ект права заканадаўчай ініцыятывы можа ўнесці законапраект на разгляд у Палату прадстаўнікоў”.

Пакуль дэпутаты вывучаць законапраект, зробяць свае праўкі, разгледзяць яго на двух чытаннях, пройдзе не адзін месяц. А потым неабходна ўхвалены парламентарыямі закон накіраваць на разгляд сенатараў Савета Рэспублікі. І напрыканцы – на подпіс кіраўніку дзяржавы.

З гэтага Вадзім Іпатаў робіць выснову, што нават распрацаваць годны законапраект па зменах выбарчага заканадаўства хутка не атрымаецца. Бо пакуль сябры экспертнай групы нават не пачалі вырашаць, якія з рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ могуць у той законапраект увайсці.

На пасяджэнні 16 лютага сябры экспертнай групы вырашылі, што да 26 лютага кожны з іх будзе самастойна вывучаць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і ўносіць свае прапановы па іх рэалізацыі. Пасля гэтага да 4 сакавіка сябры групы будуць знаёміцца з прапановамі сваіх калег. І толькі пасля гэтага будзе прызначанае наступнае пасяджэнне міжведамаснай экспертнай працоўнай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі