Зімоўскі: Беларусы вольныя жыць як хочуць, а Расія вольная за гэта не плаціць

Зімоўскі: Беларусы вольныя жыць як хочуць, а Расія вольная за гэта не плаціць

Шэраг беларускіх палітыкаў і экспертаў атрымаў ліст-запрашэнне нібыта ад тэлеканала “Россия”. У ім гаворыцца, што 11 студзеня плануецца эфір праграмы “Вечар з Уладзімірам Салаўёвым” пра Беларусь, тэмай якога сярод іншага стане кандыдатура ў пераемнікі Лукашэнкі.

Таксама, па словах запрошанага на праграму Аляксандра Зімоўскага, анансуюцца тэмы пра “палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне, адносіны з Расіяй і ЕС, арышты прыхільнікаў рускага свету, зніклых палітыкаў і падручнікі гісторыі”. Таксама ў лісце сцвярджаецца, што сярод удзельнікаў будуць былы генеральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка, а таксама Наталля Радзіна, Арсеній Сівіцкі, Станіслаў Шушкевіч. Што праўда, Радзіна і Сівіцкі ўжо заявілі, што ў Маскву не паедуць. Не паедзе і Аляксандр Зімоўскі, кажа былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі і сенатар карэспандэнту Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Чаму вырашылі не ехаць на праграму да Салаўёва?

Аляксандр Зімоўскі: Таму што, на маю думку, гэтае запрашэнне — фэйк. Асабіста мяне маглі запрасіць проста мне патэлефанаваўшы, кантакты ў іх ёсць. І такі складаны шлях запрашэння праз электронную пошту мне падаецца смешным. Да ўсяго, дзяўчына, якая нібыта з’яўляецца прадзюсарам праграмы, пакінула для кантактаў тэлефон службы даведкі канала “Россия”. Любы, хто меў з імі кантакты, ведае, што гэта смешна. І таму я ветліва адпісаў, што ў гэты час буду заняты.

Еўрарадыё: Тым не менш тэмы, агучаныя ў лісце, актуальныя. І найперш — тэма кандыдатуры ў пераемнікі Лукашэнкі. Цяпер шмат пішуць, што ў Крамлі нібыта ўсур’ёз абмяркоўваецца тэма пошуку такога пераемніка…

Аляксандр Зімоўскі: Ведаеце, Лукашэнка — медыйная персона для расійскай інфармацыйнай прасторы. І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што час ад часу ён робіцца прадметам абмеркавання ў расійскіх медыя. І кожны раз, калі пачынаюцца размовы пра нібыта пошукі пераемніка для яго, разумныя людзі задаюць контрпытанне: “Навошта цяпер шукаць нейкага пераемніка?” Я ніякага сэнсу ў такіх пошуках не бачу. Можа, у Крамлі ці на Старой плошчы іншыя расклады, але я сэнсу ў гэтым не бачу.

Зімоўскі: Беларусы вольныя жыць як хочуць, а Расія вольная за гэта не плаціць

Як мне падаецца, цяпер Крэмль зыходзіць з таго, што дзяржаўны лад Беларусі — справа саміх беларусаў. З адной агаворкай: беларусы вольныя жыць так, як ім падабаецца, а Расія вольная не плаціць беларусам за тое, што яны жывуць так, як ім падабаецца. І гэтая навізна нашых адносінаў нервуе і беларускі бок, і пэўную частку расійскай экспертнай супольнасці.

Аляксандр Зімоўскі

Праўда, беларускі бок у гэтай сітуацыі нервуецца больш. Бо нашы перамовы з Расіяй ужо даволі даўно ў тупіку. Калі казаць пра нафту і газ, то мы знаходзімся на ўзроўні адносінаў 2015 года. Бакі не змяняюць сваіх прынцыповых падыходаў, а гэта тупік.

Еўрарадыё: Вось так лёгка? “Хочаце жыць па-свойму і ісці сваім шляхам — ідзіце! А нам і без вас добра”?

Аляксандр Зімоўскі: Менавіта. Толькі застаецца шмат пытанняў у грашовай сферы. Менавіта таму, калі беларускі бок дасылае свае прапановы па газе ў Маскву, узнікае пытанне наконт запазычанасці Беларусі па аплаце газу. А гэта прыблізна траціна мільярда долараў. Адпаведна, калі беларускія прапановы трапляюць на самы верх, то ўзнікае пытанне: "А што з той запазычанасцю?" Пуцін прытрымліваецца прынцыповай пазіцыі: дамовы павінныя выконвацца. І таму вырашэнне пытання ўпіраецца ў невыкананне, з пункту гледжання Крамля, беларускім бокам сваіх грашовых абавязкаў. І ўсё — тупік.

Еўрарадыё: Калі кіраўнік Беларусі заняў нейкую прынцыповую пазіцыю, то скрануць яго з яе вельмі складана…

Аляксандр Зімоўскі: Не думаю, што гэта Лукашэнка заняў прынцыповую пазіцыю — не ён падпісваў тыя паперы па нафтагазавым пытанні. І калі ён з падпісанымі ўмовамі не згодны, то хай спаганяе з тых, хто тыя паперы і дамовы падпісваў. Да ўсяго, у беларускага боку ў гэтай спрэчцы няма моцных аргументаў. Апроч аднаго: “У нас няма грошай”. Гэта наш галоўны аргумент, і ён у прынцыпе зразумелы расійскаму боку. І таму ёсць пэўная крэдытная дапамога. Але што такое крэдыт? Гэтыя грошы ўсё адно вернуцца ў Расію. Менавіта таму паміж нашымі краінамі і няма канчаткова разрыву: у кожнага з бакоў ёсць свае інтарэсы, з якімі ніхто не хоча развітвацца. Вось у тым, што тычыцца стаўлення да грошай, мы дакладна “адзін народ”!

Еўрарадыё: Тым не менш напружанне ў адносінах паміж Масквой і афіцыйным Мінскам узмацняецца. І гаворка не толькі пра немагчымасць дамовіцца па нафтагазавым пытанні: у Беларусі затрымліваюць публіцыстаў расійскага агенцтва “Рэгнум” за распальванне міжнацыянальнай варажнечы, а на расійскіх каналах паказваюць даволі беларусафобскія праграмы…

Аляксандр Зімоўскі: Што да гэтых “распальнікаў” з “Рэгнума”, то ў гэтым пытанні расійскае кіраўніцтва зыходзіць з таго, што на сваёй тэрыторыі беларусы могуць рабіць з беларусамі ўсё, што захочуць. А паколькі арыштаваныя беларусафобы з’яўляюцца беларускімі грамадзянамі, юрыдычна яны не маюць ніякага дачынення да Расіі. Што да праграм на расійскіх тэлеканалах, то тут варта памятаць, што канал “Звязда” ўвогуле не паказваюць у Беларусі, а праграмы канала “Россия” транслююцца выбарачна — беларускі бок проста выразае ўсё, што можа бянтэжыць неакрэплы розум беларусаў. Беларуская тэматыка ў расійскіх СМІ прысутнічае ў межах імперскай інерцыі мыслення. Гэта як на тым жа ВВС пастаянна прысутнічае тэма Індыі і іншых былых калоній. Сядзяць у лонданскай студыі эксперты і абмяркоўваюць: “Хто прыйдзе да ўлады ў Індыі?”  Але ў Індыі ніхто з гэтай нагоды ў істэрыку не ўпадае. І таму беларусы абмяркоўваюць расійскія выбары і курс расійскага рубля, а расіяне хвалююцца з нагоды адраджэння беларускай мовы і культуры і праз тыя спецэфекты, якія гэтыя працэсы адраджэння суправаджаюць. Гэты інфармацыйны абмен і стварае даволі нервовую атмасферу, якая рэалізуецца найперш у сацсетках. А людзі, якія ў тых сетках актыўна прысутнічаюць, не могуць заставацца ў баку ад абмеркавання такіх пытанняў. Як вынік ствараецца палітычны мэйнстрым для расійскіх ці беларускіх медыя.

Еўрарадыё: У Індыі могуць сабе дазволіць не зважаць на развагі экспертаў у лонданскай студыі — у іх агульнай мяжы з Брытаніяй няма і пра брытанскіх “зялёных чалавечкаў” ніхто ніколі не чуў…

Аляксандр Зімоўскі: Магчыма, у Вялікабрытаніі няма сілаў, якія ставяць за мэту вяртанне Індыі ў карону Брытанскай імперыі. Але і ў Расіі публічна, на ўзроўні ўраду, прэзідэнта Расіі, таксама ніхто не выказвае жадання вярнуць Беларусь у карону Расійскай імперыі.

Еўрарадыё: І як, на вашу думку, будуць складацца ўзаемаадносіны паміж Расіяй і Беларуссю — зможам спрэчныя пытанні разруліць ці будзе далейшае “нагнятанне”?

Аляксандр Зімоўскі: Усе гэтыя пытанні будуць фонавымі, пакуль не стане зразумелым стаўленне Трампа да Расіі. Калі на ўсё гэта глядзець з расійскага боку, то пытанні, звязаныя з Беларуссю, — другога ці трэцяга плану. Бо тое, як будуць складацца расійска-амерыканскія стасункі, адаб’ецца на ўсім Балта-Чарнаморскім рэгіёне. Калі ў Расіі будуць развязаныя рукі ў гэтым рэгіёне ў сувязі са зменай палітыкі ЗША — гэта будзе адна палітыка ў зносінах з Беларуссю. Калі спатрэбіцца больш часу і рэсурсаў на ўладкаванне адносінаў паміж Расіяй і ЗША ў тым ключы, як іх бачыць Пуцін, — гэта будуць іншыя ўмовы для развіцця нашых адносінаў.

Еўрарадыё: Які варыянт развіцця падзей найбольш негатыўны для Беларусі?

Аляксандр Зімоўскі: Найбольш негатыўны варыянт для Беларусі — унутрыэканамічны крызіс. Калі гэты крызіс узмацніцца, гэта будзе выключна ўнутрыбеларускае пытанне: да каго Беларусь будзе звяртацца, каб з гэтага крызісу выбрацца, — да Усходу ці Захаду? Гэта будзе галоўнае пытанне для Беларусі ў 2017 годзе. 

Зімоўскі: Беларусы вольныя жыць як хочуць, а Расія вольная за гэта не плаціць
Аляксандр Зімоўскі — беларускі тэлежурналіст, быў гендырэктарам "Сталічнага тэлебачання" (у 2002-2005 гадах), кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі (у 2005-2010 гадах), чальцом Савета Рэспублікі (па квоце кіраўніка дзяржавы, у 2004-2008 гг.). У апошнія гады працуе ў Расіі паліттэхнолагам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі