Жыхарку Пінскага раёна падазраюць у забойстве нованароджанай дачкі
35-гадовую жыхарку Пінскага раёна падазраюць у забойстве нованароджанай дачкі. Як інфармуе афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк, здарэнне адбылося ўвечары 26 студзеня. Паводле папярэдняй інфармацыі, “хуткая” забрала з кватэры і прывезла ў бальніцу жанчыну з падазрэннем на выкідыш.
Пра гэты факт медыкі паведамілі ў міліцыю і на месца выехала следча-аператыўная група. Падчас агляду кватэры ў сумцы знайшлі труп немаўляці, загорнуты ў пакет. На ім выяўленыя шматлікія пашкоджанні. У адносінах жанчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле “забойства”. На сённяшні дзень яна знаходзіцца ў бальніцы пад вартай. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза, высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.
Тэлеканал СТБ дадае, што смерць дзіцяці наступіла ад механічнай асфіксіі альбо ад кровазліцця ў мозг з-за пералому касцей чэрапа.