Жыхарка Славянска: Да тэрарыстаў прывыклі, страляюць — ніхто не хаваецца

Жыхарка Славянска Аксана Мазур расказвае ў сацыяльных сетках пра штодзённае жыццё свайго горада. Кажа, што гараджан паціху апаноўвае апатыя і пафігізм.

“Сёння спакойна. Рынак працуе. Крамы з прадуктамі адкрытыя. Дзеці ў школе. Людзі ходзяць па горадзе, як быццам нічога не адбываецца. Праляцеў самалёт. Ніхто нават увагі на яго не звярнуў. Калі быў моцны абстрэл з мінамётаў, тэрарысты стралялі куды захочуць, людзі нават не хаваліся. Над маім домам ракеты або міны праляцелі некалькі разоў. Газавую трубу на доме закранулі. Металічны брыль знесла. Хадзіла на рынак за фарбай. Трэба нешта рабіць, а то з глузду можна з’ехаць. Па рынку ходзяць гэтыя з аўтаматамі. На іх таксама ўжо ўсе нуль эмоцый. Нейкі ўсеагульны пафігізм”

Агульнаўкраінскія прэзідэнцкія выбары, якія маюць вызначыць наступніка Віктара Януковіча, запланаваныя на 25 траўня. Безумоўны лідар усіх рэйтынгаў і сацапытанняў — бізнесмен Пётр Парашэнка. Гэта яго называюць адным з асноўных “кашалькоў” Майдана. Рэйтынг Парашэнкі складае каля 30%. У бліжэйшай саперніцы Юліі Цімашэнкі усяго 8%. Рэшта кандыдатаў не мае і гэтага. Эксперты мяркуюць, што перамагчы Парашэнку можа нават у першым туры.

Тым часам па-ранейшаму не да канца зразумела, як кіеўскія ўлады збіраюцца праводзіць выбары на усходзе краіны — у Луганску, Данецку, Марыупалі, Славянску, Краматорску і іншых гарадах. Па словах выконваючага абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандра Турчынава, Кіеў дагэтуль не кантралюе там сітуацыю.

Пацвярджаюць словы Турчынава і баевікі, якія 20 траўня захопліваюць адзін з выбарчых участкаў 59 акругі ў Марыупалі. “Там узброеныя людзі”, — гаворыцца ў заяве украінскага ЦВК. Спакойны толькі міністр унутраных справаў Арсэн Авакаў:

“Асобы рэжым кантролю за галасаваннем у Луганскай і Данецкай абласцях і паўсюль, дзе мы маем інфармацыю пра магчымасць зрыву выбараў. У нас усё прадугледжана”.

Напружанасць за пяць дзён да прэзідэнцкіх выбараў прымушае выступіць з заявай у абарону еднасці Украіны нават данецкага алігарха Рыната Ахметава, які дагэтуль заставаўся ў цені. Ахметаў звяртаецца да жыхароў Данецка і іншых гарадоў рэгіёна з прапановай штодня праводзіць акцыі супраць сепаратыстаў.

“Я заклікаю ўсе працоўныя калектывы выйсці на папераджальны пратэст на сваіх працоўных месцах. І гэты мітынг пачнецца апоўдні пасля гудка, які прагучыць на ўсіх прадпрыемствах Данбаса. У падтрымку міра і супраць кровапраліцця. І пакуль мір не ўсталюецца, кожны дзень па ўсім Данбасе будзе гучаць такі гудок”.

Цікава, што згодна з даследаваннем кіеўскага “Цэнтра Разумава”, былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч мае рэйтынг, роўны 5%. Гэта нашмат больш, чым у лідара “Правага сектара” Змітра Яраша (0,6%).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі