Журналістку Ірыну Слаўнікаву прызналі палітзняволенай

Праваабаронцы прызналі журналістку Ірыну Слаўнікаву палітычнай зняволенай, паведамляе сайт "Вясна".

Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка ў мінскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. 1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў іх на 15 сутак арышту — нібыта за захоўванне ў Фэйсбуку "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.

4 лістапада стала вядома, што жаночая камера Слаўнікавай абвясціла групавую галадоўку, пратэстуючы супраць нечалавечых умоваў ўтрымання.

15 лістапада журналістку журналістку асудзілі яшчэ на 15 сутак — нібыта за "дробнае хуліганства". А 26 лістапада стала вядома, што Слаўнікавай выставілі падазрэнні паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Яе мужа Аляксандра Лойку ўжо тройчы асуджалі на 15 сутак. Апошні раз прысуд быў вынесены 29 лістапада.

Праваабаронцы лічаць пераслед Слаўнікавай "працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова". 

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Слаўнікаву і спыніць крымінальны пераслед яе, адмовіцца ад крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання ці іншыя правы і свабоды. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна спыніць рэпрэсіі ды вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Пад заявай падпісаліся Беларуская ассацыяцыя журналістаў, праваабарончы цэнтр "Вясна", Lawtrend, "Прававая ініцыятыва", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta.

Цяпер у Беларусі налічваюцца 892 палітвязні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.