Журналіст чорнага спісу: У ЕС калі сунуеш картку ў банкамат — заблакуюць

За некалькі месяцаў да выбараў Савет Еўрасаюза чарговы раз зменшыў санкцыйны спіс Беларусі. На гэты раз таксама на 24 грамадзяніна.

Першапачаткова ў яго патрапіла 135 асобаў. Восенню 2012 года пад санкцыямі апынуліся ўжо 243 чалавекі. Яшчэ праз год колькасць беларусаў пад візавымі санкцыямі ЕС скарацілася да 232. Летась са спісу выключылі яшчэ 24 асобы, і вось яшчэ 24 — сёлета.

Цікава тое, што Еўрапейскія чыноўнікі не тлумачаць, чаму выкрэсліваюць пэўных беларускіх грамадзян.

Прэс-сакратар Вярхоўнай прадстаўніцы ЕС у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыкі Магерыні Мая Качыянчыч суха патлумачыла факт скасавання так:

“Савет ЕС вырашыў, што няма больш прычынаў трымаць абмежаванні гэтым 24 асобам. Але, канешне, гэтае рашэнне не адлюстроўвае, што адбыліся якія-кольвек змены палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Еўрасаюз дагэтуль вядзе палітыку крытычнага ўзаемадзеяння ў мэтах садзеяння павазе правоў чалавека, вяршэнству права і дэмакратычных прынцыпаў.”

Эксперты мяркуюць, што выключэнне з “чорнага спісу” суддзяў можа быць звязана з тым, што яны больш не працуюць на сваіх пасадах.

Рэктараў беларускіх ВНУ выключылі са спіса ЕС з-за Балонскага працэсу

Журналіст Белтэлерадыёкампаніі Юры Пракопаў, які быў адным з 24 выкрэсленых, распавядае, што не ведае, чаму ён патрапіў у “чорны спіс” ЕС, не ведае таксама і чаму яго выключылі. Выглядае, што гэта латарэя.

“Калі памяць не падводзіць, там было напісана, што Юрыя Пракопава ўнеслі ў гэты спіс за нейкае “уплывовае палажэнне”. Я не ведаю. Дзякуй канешне. Пад гэту фразу можна было крэдыт у МВФ браць. Унеслі, дык унеслі. Цяпер прыбралі. Іх справа. Шчыра кажучы, моцна на мне гэта ніяк не адбілася”, — распавёў журналіст.

Ён адзначыў, што і да санкцый не быў прыхільнікам паездак у Еўропу, а адпачынак праводзіў у вёсцы. Апеляваць рашэнне Савета ЕС ён не меў намеру. Але адзначае, што калі ў гэтай гісторыі будзе юрыдычны працяг, тады “будзем глядзець”.

Былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі дагэтуль знаходзіцца ў “чорным спісе”. Ён кажа, што афіцыйна ніколі ніякага паведамлення аб санкцыях не атрымліваў. Таму дазнаецца штогод пра спісы са СМІ.

Падчас дзеяння гэтых санкцый ён неаднаразова бываў у Еўропе, у тым ліку ў краінах Шэнгенскай зоны, праўда, па нацыянальнай візе. Усе гэтыя паездкі былі звязаны са службовымі камандзіроўкамі, а прыватным чынам краіны ЕС ён не наведваў.

Аляксандр Зімоўскі

Разам з тым, Зімоўскі кажа, што нязручнасці санкцыі ўсё ж прыносяць:

“Санкцыі звязаныя не столькі з абмежаваннем на перамяшчэнне, колькі на рух капіталу. Гэта значыць, я магу лётаць праз любы транзітны аэрапорт Еўропы і Амерыкі. Але варта мне сунуць карту ў банкамат дзе-небудзь у Празе ці Дубліне — і я застануся без грошай: заблакуюць. Такія выпадкі з людзьмі са спісу бывалі. А правяраць гэту тэорыю самому не хочацца”, — кажа былы супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі.

Адпачынак ён праводзіць у арабскіх краінах альбо ў Турцыі, альбо на Карэльскім паўвостраве ці на Ладазе. Часта наведвае беларускую глыбінку.

Але ніякіх апеляцый Зімоўскі не падаваў, аргументуючы гэта тым, што з’яўляецца рэалістам-прагматыкам. 

Фота: Reuters, фота з архіваў А.Зімоўскага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі