Жарко выказаўся наконт адмены ўступных іспытаў у пятыя класы гімназій

Жарко выказаўся наконт адмены ўступных іспытаў у пятыя класы гімназій

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча з віцэ-прэм'ерам Васілём Жарко. У ёй удзельнічалі міністр адукацыі Ігар Карпенка, прадстаўнікі абласных упраўленняў адукацыі, дырэктары школаў і гімназій краіны, інфармуе БЕЛТА

На сустрэчы абмяркоўвалася, як будзе ўвасабляцца ў жыццё канцэпцыя развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў бліжэйшы час. У прыватнасці, разглядалася пытанне пра адмену ўступных іспытаў у пятыя класы гімназій. 

"Сёння дзеці, якія паступаюць пасля чацвёртага класа ў гімназіі, атрымліваюць стрэс і не разумеюць, навошта ім гэта трэба. Я лічу, што дзеці павінны мець роўныя ўмовы для атрымання адукацыі. Для агульнай сярэдняй адукацыі таксама актуальная праблема недастатковага працоўнага выхавання. Гэтыя пытанні не павінны выпадаць з поля погляду бацькоў і педагогаў", — заявіў Васіль Жарко.

Таксама віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на неабходнасць урокаў працы ў школе. "У наш час пры школах былі навучальна-вытворчыя камбінаты. Мы з задавальненнем хадзілі і атрымлівалі рабочую прафесію. Працоўнае навучанне спрыяе фармаванню навыкаў і ўменняў, неабходных ў дарослым жыцці, выхоўвае павагу да людзей рабочых прафесій", — заявіў чыноўнік.

Выступіў на гэтыя тэмы і міністр адукацыі. Ігар Карпенка заявіў, што якасць адукацыі не павінна вымярацца вынікамі ЦТ або месцам у гімназіі. Якасць, па яго словах, мусіць ацэньвацца па ўзроўні асобаснага і сацыяльнага развіцця кожнага вучня. Гімназія як від установы захаваецца, запэўніў міністр. Але павышаны ўзровень адукацыі будзе толькі ў 10-11 класах, дадаў ён.

Асобна міністр звярнуў увагу на пытанне пра незалежны экзамен за курс базавай школы. Міністэрства разам з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі ды педагогамі абяцае распрацаваць усе гэтыя пытанні і толькі пасля гэтага прыняць адпаведныя рашэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі