Жанчыны ў Інтэрнэце дагналі мужчынаў

Беларускае Сеціва перыядычна наведваюць больш за два мільёны чалавек, а па ацэнках шматлікіх экспертаў, штодзённая аўдыторыя складае ад пяціста тысячаў да мільёна. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія сайты найчасцей наведваюць беларусы. Каардынатар праекту akavita.by Фёдар Караленка распавёў, што сёлета найбольшае развіццё атрымалі “вебдванольныя” праекты, базай якіх з’яўляюцца блогі. Але беларускія карыстальнікі наведваюць усяго некалькі рэсурсаў, а далей ідуць у іншыя сегменты Інтэрнэту для пошуку, прагляду пошты, адпачынку. Пра якасныя беларускія рэсурсы Фёдар кажа:

- Яны ёсць, але іх вельмі мала; можна сказаць, што іх няма. Калі чалавек захоча пашукаць інфармацыю пра нейкую краіну, ён пойдзе не на беларускі сайт.

Паводле яго даследавання, зараз найбольш цікавыя:

- Мабільная тэматыка, Інтэрнэт-крамы вельмі папулярныя, навіны ходзяць чытаць, інфармацыйныя тіэхналогіі. Тое, што на слыху, што папулярна ў Расіі, будзе рабіцца і тут.

Па словах дырэктара найбуйнейшага партала tut.by Кірыла Валошына, карыстальнікаў найбольш цікавяць пошук, навіны, пошта, асаблівай папулярнасцю карыстаецца

- Раздзел “Праца”, на якім 8-9 тысяч чалавек штодзённа. У раздзеле “Прыватныя абвесткі” – 4 тысячы чалавек у дзень.

Беларускія сайты не заўсёды задавальняюць нашых наведвальнікаў, таму шмат хто карыстаецца замежнымі сэрвісамі, заўважае Кірыл:

- Яны прайграюць любым расійскім альбо сусветным аналагам. Але, з іншага боку, беларускі сэрвіс можа прыцягнуць беларускай накіраванасцю.

У буйных каталогах беларускага Інтэрнэту больш за 30 тысяч сайтаў. Раней набольш цікавыя з іх можна было пералічыць па пальцах, зараз у Інтэрнэце тысячы якасных рэсурсаў, кажа эксперт сайта bybanner.com Аляксей Шаблінскі:

- Партал Тут.бай, Кошт.ком, Опен.бай, Онлайнер.бай... Збольшага карыстальнікаў цікавяць навіны, а таксама набыццё розных тавараў. Карыстальнікі сёння сталі больш вопытнымі. Яны сябе упэўнена адчуваюць. З радасцю карыстаюцца рознымі сэрвісамі.

Юрый Цыганок, эксперт einfo.by заўважае:

- Байнэт пераходзіць ад колькасці да якасці: шмат старых сайтаў зараз мадэрнізуецца, з’яўляюцца рэсурсы прамысловых прадпрыемстваў.
Радзей і радзей можна пачуць сітуацыю, калі кіраўнік прадпрыемства на пытанне аб Інтэрнэт-сайце называе электронную пошту.

Сёння партрэт Інтэрнэт-карыстальніка набліжаецца да партрэта сярэдняга беларуса. Калі два гады таму праграмістаў у Байнэце было 19%, зараз — 10%. У двухтысячным годзе мужчын было 83%, а год таму — 48% жанчын і 52% мужчын. Пра сваю Інтэрнэт-адысею кажа заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер:

- Першую электронную скрыню атрымаў у 93-м годзе. У вэб пачаў хадзіць у 96-м годзе. Першую пакупку ў Інтэрнэт-краме зрабіў у 98-м годзе. З тых часоў усе буйныя рэчы набываю ў Інтэрнэце. Два гады таму перасяляўся на новую кватэру. Усю бытавую тэхніку набыў у Інтэрнэце. Аддаў 77-гадоваму бацьку стары комп, зараз ён перапісваецца з роднымі з-за мяжы. Цешча з цесцем ужо 5 гадоў у Інтэрнэце незалежна ад мяне.

А пра Інтэрнэт-жыхароў дадае:

- Дастаткова зайсці на нашы форумы. Там ёсць перасанажы з 10 тысяч рэплік. Яны насамрэч там жывуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі