Жанчынам старэйшым за 49 год могуць забараніць працэдуру ЭКА

Заканадаўчую забарону на працэдуру ЭКА для жанчынаў, старэйшых за 49 год, могуць увесці ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Упершыню распрацоўваецца праект закону аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзянаў пры іх ажыццяўленні. Спецыялісты і заканадаўцы лічаць, што забарона на штучнае апладненне для немаладых маці не супярэчыць правам чалавека. Згодна з беларускай канстытуцыяй, дзяржава можа абмежаваць правы асобы ў інтарэсах абароны маральнасці, здароўя, правоў і свабодаў іншых асобаў. Заводзіць дзіця пасля 49 год рызыкоўна: такая маці можа не паспець яго згадаваць дый само немаўля наўрад ці будзе абсалютна здаровым.

Апроч гэтага, новы законапраект унармуе пытанні, звязаныя з сурагатным мацярынствам. Напрыклад, мяркуецца, што сурагатнай маці можа быць толькі жанчына, якая сама знаходзіцца ў шлюбе і ўжо мае сваё дзіця. Выняткам з правіла можа быць сітуацыя, калі, напрыклад, незамужняя жанчына пагадзіцца нарадзіць дзіця для сваёй сястры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі