Zdob Si Zdub: Бяспраўе – гэта сумна і не па-чалавечы

Вакаліст вядомага малдоўскага гурта Zdob Si Zdub Раман Ягупаў у эфіры Еўрарадыё распавёў пра ўражанні ад беларускіх выбараў і пра свае сутыкненні з дзяржавай, а таксама на роднай мове павіншаваў слухачоў Еўрарадыё з Новым годам!
Еўрарадыё: Ці чулі ўвогуле ў Малдове пра тое, што адбылося ў Мінску ўвечары пасля выбараў?

Раман Ягупаў: 
Як у самалёт селі — а мы ляцелі днямі ў Маскву — дык прачыталі ў газетах, што ў вас адбылося. Так што непрыемныя навіны да нас дайшлі. А пасля мы і па тэлевізары паспелі ўбачыць, і ў інтэрнэце паглядзець. Інфармацыя зараз агульнадасяжная, і інфармацыя гэта сумная. Асабліва напярэдадні Новага года...

Еўрарадыё: Як вы паставіліся да гэтых навінаў?

Раман Ягупаў: Чалавек, які ніводнага разу не трапляў у сітуацыю, калі парушаліся яго правы, падумае: недзе гэта там, далёка ўсё адбываецца... А ў нас, можа вы ведаеце, дагэтуль не скончаны судовы працэс з прычыны цяжкай аварыі, у якую мы трапілі ў Малдове. Неяк усё завісла, і мы не можам дамагчыся ні адказу, ні нейкай сатысфакцыі. Не кажучы ўжо пра маральную шкоду. Дзякаваць Богу, што мы засталіся жывыя. Таму ўсе моманты парушэння правоў чалавека, кожны выпадак бяспраўя... Сумна гэта ўсё. Сумна і не па-людску.

І вось што яшчэ я прыгадаў з гэтай нагоды: кожная дзяржава — гэта гвалт. Так сказаў нехта з тэарэтыкаў.

Еўрарадыё: Ці могуць падзеі, што адбыліся ў Беларусі, падштурхнуць вас напісаць пра іх песню?

Раман Ягупаў:
 У Беларусі шмат выдатных песень. А нам, каб напісаць песню, патрэбны натуральны парыў, натхненне. Інакш песні атрымліваюцца штучнымі. Вось каб адчуць такі парыў... 

Еўрарадыё: 
А вы прыязджайце да нас на наступныя выбары...

Раман Ягупаў:
 Мы вельмі любім фальклор і паважаем нашы культуры. Гэта здабытак усіх людзей. Таму мы з задавальненнем прыедзем у Беларусь і спяем усе нашы песні. Хацелася б павіншаваць вас усіх з Новым годам і пажадаць вам, каб такіх жорсткіх сутыкненняў паміж уладамі і людзьмі, у якіх ёсць сваё меркаванне і нейкая крытыка, было паменш…

Еўрарадыё:
 Дарэчы, пра сутыкненні. Ці здаралася вам удзельнічаць у нейкіх дэманстрацыях пратэсту, у грамадскіх хваляваннях?

Раман Ягупаў: Я памятаю тыя часы, калі ў нас, у Малдове, было вельмі неспакойна. У нас тады ўзнялася вялікая нацыянальная хваля, але я быў яшчэ зусім малады, і зусім не разумеў яе… Я быў збянтэжаны, бо гадаваўся ў інтэрнацыянальным двары, і праз свой характар ва ўсіх нечаму навучыўся. Слухаў і ўкраінскую, і яўрэйскую, і малдоўскую музыку, і ў будучым мне гэта вельмі дапамагло. Таму ў мяне не было ніякага блоку, боязі аднаго з бакоў. І пасля я засвоіў усе культуры: і малдоўскую, і румынскую, і рускую.

Таму мне добра бачна, што рускія людзі, якія прынцыпова не хочуць вывучыць хаця б некалькі словаў па-малдоўску, так жа сама не маюць рацыі, як і малдаване, якія выпраменьваюць нацыяналізм. Я гэтага ўсяго не люблю і лічу, што людзі мусяць сябраваць. А з уладай справы заўжды няпростыя. У кожнай краіне свае парадкі, свае законы. І вось, часам даходзіць…

Еўрарадыё: Ці варта выхоўваць людзей такім чынам, каб яны ўсё ж маглі вызначыцца, з кім яны?

Раман Ягупаў: Як сказаў Пётр Мамонаў у адным з інтэрв'ю: я за рэвалюцыю духу. За рэвалюцыю індывідуума. За рэвалюцыю ў сабе. Перш за ўсё, чалавек мусіць супастаўляць факты і разумець, што адбываецца ў гэтым свеце. 

Еўрарадыё:
 А ці варта выносіць гэтае разуменне на вуліцы?

Раман Ягупаў: Ну вось глядзіце: падобна на тое, што ў вас нельга выносіць грамадскую пазіцыю на вуліцы. Трэба, відаць, нешта іншае прыдумаць.

Еўрарадыё: Вы бы падпісаліся пад лістом ад расійскіх музыкаў з заклікам выпусціць з-за кратаў зняволеных беларусаў?

Раман Ягупаў: 
Натуральна, падпісаўся б, каб людзей выпусцілі. Бо зняволенне — гэта дрэнна. Нашая турма людзей не змяняе і не выпраўляе. 

Еўрарадыё: Скажыце, а ці разганялі жорстка якія-небудзь акцыі ў вас у Малдове?

Раман Ягупаў: У нас былі жорсткія сутыкненні падчас студэнцкай акцыі ў мінулым годзе. Але мы, музыкі — я маю на ўвазе наш гурт — знаходзімся ў іншай плыні. І часам нават няма часу на тое, каб выйсці на плошчу і даведацца, што адбываецца. Да таго ж, уся краіна раз’ехалася. Прынамсі, палова краіны ў заўсёднай міграцыі — зарабляе на хлеб па-за яе межамі.

Еўрарадыё: Рома, павіншуйце, калі ласка, слухачоў Еўрарадыё з Новым годам па-малдоўску!

Раман Ягупаў: Калі ласка:


Еўрарадыё: А мы ад усіх нашых слухачоў шчыра віншуем вас з Новым годам па-беларуску!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі