Зборныя Беларусі і Расіі па баскетболе розных узростаў не дапусцяць да маладзёжных чэмпіянатаў Еўропы 2023 года. Такое рашэнне прыняў выканкам ФІБА Еўропа. Ён выканаў рашэнне выканкама Міжнароднай федэрацыі баскетбола.
Беларуская федэрацыя баскетбола піша, што рашэнне ў ФІБА абгрунтавалі адстутнасцю станоўчага прагрэсу ў сітуацыі ва Украіне, дзе ідзе вайна. Летась беларускі і расійскі баскетбол былі адхілены ФІБА ад спаборніцтваў пад яе эгідай з-за агрэсіі супраць Украіны. Цяпер жа дзеянне гэтых санкцый працягнулі.
У беларускай федэрацыі кажуць, што працягваецца падрыхтоўка рэзерву нацыянальных зборных у спадзяванні, што санкцыі здымуць. А гуляць баскетбалісты будуць з камандамі з "дружалюбных краін".