Затрымалі двух беларусаў, якія вярнуліся на радзіму з Польшчы

Затрымалі двух беларусаў, якія вярнуліся на радзіму з Польшчы

Стала вядома пра затрыманне двух беларусаў, якія некалькі гадоў жывуць у Польшчы і нядаўна прыехалі на радзіму ў госці да сваякоў. 

"Віцебская вясна" паведамляе пра затрыманне прадпрымальніка Барыса Элькіна. Ён мае будаўнічы бізнес у Польшчы і час ад часу прыязджаў на радзіму. 1 жніўня яго затрымалі ў Віцебску, а ў доме правялі ператрус. Прычыны затрымання дакладна не вядомыя.

Элькін быў адным з ініцыятараў галадоўкі прадпрымальнікаў, якая праходзіла ў Віцебску ў 2004 годзе. Пасля 2010-га ён з'ехаў у Польшчу і стаў сузаснавальнікам кампаніі Bel.Pol.Bud.spzoo, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае ўцекачам з Украіны.

Праваабаронцы мяркуюць, што затрымаць яго маглі за фатаграфіі з беларускай нацыянальнай сімволікай у сацсетках. Беларускія сілавікі лічаць гэта несанкцыянаваным пікетам.

Іншы беларус, Раман Галуза з Жабінкі, жыў у Польшчы апошнія дзевяць гадоў. 19 ліпеня ён прыехаў на радзіму і знік, піша zerkalo.io. Мужчыну шукалі з дапамогай пошукава-ратавальнага атрада "Паўднёвы Захад". Ягоная бабуля пісала заяву ў міліцыю пра знікненне ўнука.

2 жніўня ў акаўнтах пашуковікаў з'явілася інфармацыя, што Галуза жывы і яго месцазнаходжанне выяўленае, аднак ніякіх іншых падрабязнасцяў не паведамлялася. Адзін з беларускіх блогераў у Польшчы паведаміў, што Галуза знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Галуза скончыў у Польшчы ўніверсітэт, атрымаў грамадзянства, займаўся валанцёрствам — у тым ліку дапамагаў беларускім бежанцам.

Затрымалі двух беларусаў, якія вярнуліся на радзіму з Польшчы
Раман Галуза

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі