Замоўчванне звестак аб кандыдатах — ноў-хаў выбаркамаў?

“Звярнуўся ў Фаніпальскую акруговую камісію нумар 42 з прапановай даць пра мяне наступныя дадзеныя — Карняенка Віктар Мікалаевіч, год нараджэння, у мінулым народны дэпутат СССР, член Вярхоўнага Савета СССР, дэпутат Гомельскага гарадскога савета, першы намеснік старшыні Гомельскага гарадскога савета”, —расказвае Віктар Карняенка.

Але ў выніку Карняенка на інфармацыйных плакатах і ўлётках убачыў пра сябе літаральна тры радкі — калі нарадзіўся, ці жанаты, колькі дзяцей і прыбытку за мінулы год. Расказвае, што выбаркамы адмовіліся друкаваць усе пададзеныя кандыдатам звесткі не толькі ў яго выпадку, тое самае і ў лідара партыі “Справядлівы Свет” Сяргея Калякіна.

Выправіць непаразуменне Віктар Карняенка вырашае самастойна. Для гэтага друкуе свае ўласныя ўлёткі, якія раздае патэнцыйным выбаршчыкам. За што яго з гэтых самых выбараў за дзень да дня галасавання здымае выбарчая камісія. Маўляў, недапушчальнае парушэнне.

Яшчэ аднаму апазіцыйнаму да ўлады кандыдату, Змітру Каспяровічу, пашанцавала нават менш за Карняенку. У агульных інфармацыйных матэрыялах ён вычытаў пра сваю судзімасць, якую ніколі не меў.

“У мяне была судзімасць за 2006 год, калі я замяніў сцяг на Мінгарвыканкаме. А мне прыпісалі яшчэ адну судзімасць за крадзеж, таксама ў 2006 годзе”.

Каспяровіч расказвае, што яго насамрэч падазравалі адзін час у крадзяжы. Але ў выніку справу закрылі і да суда яна не дайшла. А раз яе не было, то і судзімасці таксама быць не можа. Цяпер кандыдат падае скаргу ў Цэнтрвыбаркам. Але звесткі аб яго дзвюх судзімасцях ніхто выпраўляць не будзе.

Па тлумачэнні звяртаемся ў Цэнтрвыбаркам, да сакратара Мікалая Лазавіка. Ён прызнае, што пададзеныя кандыдатамі біяграфічныя звесткі маглі “падкараціць”. Але выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам.

“Такое магло быць. Бо патрабаванні да матэрыялаў, якія вырабляліся выбарчымі камісіямі, такія: толькі інфармацыя аб кандыдатах, ніякіх ацэначных звестак. Гэта не агітацыйныя, а інфармацыйныя матэрыялы. Нельга там пісаць, што напрыклад кандыдат з’яўляецца актыўным абаронцам грамадзян”.

Мікалай Лазавік дадае, што ўсе скаргі ад кандыдатаў і назіральнікаў абавязкова будуць разгледжаныя у выбарчых камісіях розных узроўняў і парушэнні не застануцца без увагі. Але пасля выбараў. Пытанне, ці задаволіць гэта былых

кандыдатаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі