Замест вуліцы Вольнай Беларусі ў Беластоку будзе аднайменная плошча

Замест вуліцы Вольнай Беларусі будзе плошча / mostmedia.io
Замест вуліцы Вольнай Беларусі будзе плошча / mostmedia.io

Вуліцы Вольнай Беларусі ў Беластоку ўсё ж не будзе, але гарадскія ўлады прыдумалі замену. Пра гэта мэр Беластока Тадэвуш Трускаляскі расказаў выданню MOST.

Як распавядала Еўрарадыё, у верасні 2022-га гарадскія ўлады вырашылі перайменаваць частку вуліцы Электрычнай у Беластоку, дзе месціцца беларускае консульства, у вуліцу Вольнай Беларусі. Аднак супраць выступілі мясцовыя жыхары: яны заявілі, што мясцовыя ўлады не запыталіся пра іх меркаванне. Пратэст падпісалі больш за 60 жыхароў дамоў па гэтай вуліцы.

16 сакавіка Ваяводскі суд прызнаў рашэнне ўладаў Беластока несапраўдным. І пасля гэтага гарадскія ўлады знайшлі іншы варыянт.

"Плануем зрабіць як у Варшаве перад расійскай амбасадай — вылучыць невялікі сквер. Зробім плошчу свабоднай Беларусі. Тады да нас ніхто не прычэпіцца, бо гэта не будзе замінаць жыхарам. Лічу, што мы [кіраўніцтва горада — рэд. MOST] павінны вырашаць, пра тое, як назваць вуліцу, а не жыхары", — заявіў кіраўнік Беластока.

Прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі падзякаваў уладам за салідарнасць і падтрымку. "Ці гэта будзе вуліца, ці сквер, ці плошча — для нас самае важнае, што ўсё гэта будзе адбывацца насупраць генеральнага консульства Беларусі, дзе пануе рэжым Лукашэнкі. Гэта і так будзе звязана з Вольнай Беларуссю, бо сюды прыходзяць беларусы пратэставаць супраць Лукашэнкі", — мяркуе Абадоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі