Замест адпачынку — суткі: рэкламіста Васілевіча пакаралі за "Свабоду Бабарыку!"

Аляксандр Васілевіч / Еўрарадыё
Аляксандр Васілевіч / Еўрарадыё

— У першую ноч было дзесяць чалавек у чатырохмеснай камеры. У другую — шэсць. Пакуль не магла адвезці яму перадачы, таму што да суда нельга. У Сашы не было магчымасці памыцца, пачысціць зубы. Заўтра паспрабую перадаць яму першую перадачу... Праўда, ужо папярэджваюць, што кнігі, паперу, ручкі перадаваць чамусьці нельга, — расказвае пра першыя двое сутак, якія вядомы беларускі рэкламіст Аляксандр Васілевіч правёў у ізалятары, ягоная жонка Надзея Зелянкова.

30 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў Васілевіча 14 суткамі арышту. Бізнесмена прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў пасля таго, як ён схадзіў у КДБ з паручыцельствам за банкіра і палітыка Віктара Бабарыку.

Надзеі ўдалося некалькі хвілін пагаварыць з мужам падчас суда. Нягледзячы на ізалятар, Аляксандр выглядае добра. Заўтра да яго зноў паспрабуе прыйсці адвакат. Напярэдадні, нягледзячы на выпісаны ордар на наведванне, яго не пусцілі з прычыны "неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі".

Праз раптоўны арышт мужа Надзея адмяніла паездку ў Чарнагорыю, якую пара запланавала на 11 жніўня.

— У выніку Саша правядзе свой адпачынак на Акрэсціна! Калі ён выйдзе, трэба будзе працаваць. Ужо ўчора было шмат пытанняў ад кліентаў яго кампаніі. Хоць у яго працуе вялікая каманда, яны імкнуцца, вядома, каб яго адсутнасць мінімальна адбілася на справах.

 

У віну Аляксандру Васілевічу паставілі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве каля будынка КДБ і выкрыкі "Свабоду Бабарыку!". Галоўная рэдактарка The Village Беларусь Яўгенія Сугак кажа, што бізнесмен ні ў якім мерапрыемстве не ўдзельнічаў і нічога падобнага не крычаў. Да будынка КДБ яны падышлі разам. Ад увахода іх правялі ў кабінет, а адтуль — у аўтазак.

Праз пэўны час Сугак і Васілевіч апынуліся ў Фрунзенскім РУУС. Яе адпусцілі, яго — не.

Аднак суд не прыслухаўся да паказанняў Сугак і паверыў супрацоўнікам мінскай міліцыі. Якія расказалі, як дырэктар рэкламнага агенцтва VONDEL, сузаснавальнік галерэі "Ў" і саўладальнік сайтаў KYKY.org і The Village Беларусь Аляксандр Васілевіч прыйшоў да КДБ, каб крыкнуць "Свабоду Бабарыку!".

Паручыцельства за Бабарыку з просьбай змяніць яму меру стрымання на хатні арышт або падпіску аб нявыездзе Васілевіч так і не падаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі