Вы тут

Захоп Лісічанска і Бах у Кіеве — 131-я раніца вайны ва Украіне

Прэзідэнт МАК Томас Бах з візітам ва Украіне / фота з сацсетак

Расійскія войскі замацоўваюцца ў Лісічанску і рыхтуюць наступ на Славянскім кірунку, кажуць у Генштабе УСУ Украіны. "На Славянскім кірунку падраздзяленні праціўніка штурмавымі дзеяннямі спрабуюць усталяваць кантроль над населенымі пунктамі Багародзічнае, Мазанаўка і Даліна. Баявыя дзеянні працягваюцца", — адзначаюць у Генштабе.

Падраздзяленні УСУ ўчора пакінулі Лічысанск — апошні буйны горад у Луганскай вобласці, які знаходзіўся пад украінскім кантролем. Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай кажа, што "рускія пераважалі ў дзесяць разоў". Было шмат параненых сярод мірных жыхароў. За апошнія тыдні каля 50 чалавек. Іх вывозілі ў бальніцы Дняпра, Львова або Івана-Франкоўска.

Яшчэ ўчора міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу абвясціў, што расійскія войскі захапілі ўсю Луганскую вобласць. Тым не менш у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што расіяне па стане на вечар 3 ліпеня яшчэ не цалкам узялі пад кантроль гэты рэгіён. Захоўваюцца ачагі супраціву, але вывад украінскіх войскаў з Лісічанска "азначае, што расійскія войскі амаль напэўна завершаць аперацыю досыць хутка".

Разбурэнні ў Лісічанску / @luhanskaVTSA

У Інстытуце вывучэння вайны пішуць таксама, што "расійскія войскі пачалі наступ на паўночны ўсход ад Бахмута і на поўнач ад Славянска, але не дамагліся новых тэрытарыяльных заваёў". Эксперты адзначаюць таксама масіраваныя артылерыйскія абстрэлы, якія праводзяць расіяне на паўднёвым кірунку. Гэтыя абстрэлы накіраваны на тое, каб сарваць ўкраінскія контрнаступлення. Генштаб Украіны напярэдадні паведамляў, што расійскія войскі праводзілі "сістэматычныя" ўдары са ствольнай і рэактыўнай артылерыі. Акрамя таго, здымкі з космасу фіксуюць анамальна вялікую колькасць пажараў уздоўж лініі фронту ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласцях.

Тым часам мінулай ноччу выбухі былі чутныя і ў населеных пунктах на Данбасе, якія акупаваныя расіянамі. Пажары і дэтанацыя боепрыпасаў здарылася адразу ў трох гарадах Данецкай вобласці — у Снежным, Тарэзе і Харцызску, пра гэта паведамляе Telegram-канале "Типичный Донецк". У Снежным, у прыватнасці, гарэў завод "Снежнянскхіммаш". Паводле звестак УНІАН, расіяне ўладкавалі там склад боепрыпасаў, якія гучна дэтанавалі падчас пажару.

У выхадныя ўкраінскія войскі абстралялі Мелітопаль, які таксама знаходзіцца пад акупацыяй. Была знішчана расійская ваенная база на тэрыторыі Мелітопальскага аэрадрома. Пра гэта распавёў мэр горада Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, яшчэ некалькі гадзін пасля ранішніх абстрэлаў у горадзе дэтанавалі выбухі. Грамадзянскія пры гэтым не пацярпелі. А яшчэ каля вёскі Любимаўка на тэрыторыі вобласці быў узарваны чыгуначны мост.

Карта баявых дзеянняў па стане на вечар 3 ліпеня / understandingwar.org

У МУС Украіны мяркуюць, што ў бліжэйшыя дні ўварванне з тэрыторыі Беларусі малаверагодна. Але ў будучыні гэтага выключаць нельга. Пра гэта заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка.

"Па стане на зараз нейкага "ўдарнага кулака" на тэрыторыі Беларусі ў кірунку Украіны,  мы не бачым і, хутчэй за ўсё, яго няма. Але, выключаць, што праз некаторы час могуць быць прыняты такія рашэнні, на жаль, мы не можам. Па стане на зараз, у бліжэйшыя дні — заўтра-паслязаўтра, пагрозы нападу няма",цытуе Дзенісенку УНІАН.

Канцлер Германіі Олаф Шольц патлумачыў марудлівасць з пастаўкамі ўзбраення ва Украіну. Ён падкрэсліў, што яго краіна па аб'ектыўных прычынах не можа накіроўваць зброю з такой жа інтэнсіўнасцю, як ЗША.

"Амерыканскія ўлады шмат трацяць на абарону, шмат інвестуюць у гэта, і таму валодаюць вялікімі запасамі ўзбраення",распавёў канцлер у інтэрв'ю CBS. Ён таксама адказаў крытыкам, якія папракаюць Берлін у марудлівасці: "Можна знайсці вельмі шмат крытыкаў, якія "разбіраюцца ў гэтых пытаннях". Гэта крытыкі, якія толькі ўчора пашукалі інфармацыю ў Google і цяпер лічаць, што ведаюць абсалютна ўсё".

Між тым у ЗША кажуць, што не маюць намеру падштурхоўваць Украіну да перамоваў. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Пентагона Джон Кёрбі.

"Прэзідэнт Зяленскі. Ён павінен вызначаць, якой будзе перамога, калі і на якіх умовах. І [што] мы збіраемся рабіць, так гэта працягваць сачыць за тым, каб ён мог дамагчыся поспеху на поле бою, каб ён мог дамагчыся поспеху за сталом перамоваў. Але нават прэзідэнт Зяленскі скажа вам, што зараз не час для гэтых дыскусій", — сказаў Кёрбі. Яго словы прыводзіць рэсурс politico.com.

Тым часам у Кіеў прыехаў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. Яму паказалі адну з трэніровачных баз і часткова разбураны расійскімі ракетамі спарткомплекс "Авангард". Пра гэта распавядае "Громадське".

Пазней ён правёў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскі сумесную прэс-канферэнцыю. На гэтай сустрэчы Зяленскі распавёў, што з пачатку вайны ў выніку баявых дзеянняў загінулі 89 ўкраінскіх спартсменаў і трэнераў, яшчэ 13 трапілі ў палон.

Томас Бах на тэрыторыі разбуранага спарткомплексу "Авангард" / фота з сацсетак

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.