Заходнія СМІ і палітыкі параўноўваюць Крым з Квебэкам і Краінай Баскаў

Ужо 16 сакавіка адбудзецца рэферэндум у Крыме, занятым расійскімі войскамі. Выбаршчыкі прагаласуюць за ўступленне ў Расію альбо за вяртанне Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992, то бок пашырэнне незалежнасці. Опцыі за знаходжанне ва Украіне ў сённяшнім статусе няма.

“Многія каментатары і назіральнікі прыйшлі да наступнай высновы наконт рэферэндума: альбо далучыцца да Расіі цяпер, альбо прадаставіць Крыму права зрабіць гэта ў самай бліжэйшай будучыні”, - паведамляе канадскае тэлебачанне CTV.

Тэлебачанне прыводзіць словы прафесара Універсітэта Атавы Эрала Мендэса, які кажа, што не толькі прысутнасць расійскіх вайскоўцаў ставіць вынікі рэферэндума пад пытанне. І нагадвае, што канадскія ўлады ў свой час добра патлумачылі Квебэку, што ў выніку рашэння на рэферэндуме аб аддзяленні, гэта толькі дазволіць правінцыі пачаць перамовы з астатняй Канадай.

Расійскія ўлады некалькі разоў параўноўвалі жаданне Крыма аддзяліцца з тым, што адбылося ў Косава. У той жа час Euobserver цытуе Ангелу Меркель, якая лічыць такое параўнанне “ганебным”:

“У Косава мінулі гады, калі міжнародная супольнасць не ўмешвалася, пакуль Мілошавіч не выканаў сваю этнічную чыстку. NATO тады вырашыла дзейнічаць ў адзіночку, бо Расія ўвесь час блакавала любыя мандаты ААН па Сербіі”.

The Economist праводзіць паралелі з яшчэ адной сепаратысцкай кропкай Еўропы – Краінай Баскаў. Баскі могуць апраўдваць сваё імкненне да незалежнасці тым, што “цэнтр” забірае заробленыя імі грошы. Ва Украіне ж наадварот.

The Economist: “Сцвярджэнні, што рускамоўныя ў Крыме сутыкаюцца з гвалтам і прыгнётам недарэчныя. Па некаторых дадзеных, Украіна субсідуе Крым і эканамічна ад аддзялення выйграе”.

Тым часам Томас дэ Ваал з Фонду Карнэгі за міжнародны мір у Вашынгтоне распавядае The Guardian, што проста прызнаць “нелегітымным” крымскі рэферэндум недастаткова. На яго думку, Вашынгтон і Еўропа мусяць выйграць спрэчку з Расіяй, прыдумаўшы сустрэчныя прапановы па Крыме.

Томас дэ Ваал: “Тут ёсць некаторыя выбаршчыкі, якія вагаюцца, як і ў Казахстане і Беларусі, якія сядзяць на дроце і проста асуджэння для іх недастаткова. Таму мусіць быць прыдуманы перспектыўны план”.

У сваю чаргу BBC нагадвае, што на рэферэндум 16 сакавіка крымскі парламент запрасіў назіральнікаў АБСЕ. Якія адмовіліся, бо лічаць галасаванне “незаконным”.

Не верыць у цуды галасавання і амерыканскі прэзідэнт Барак Абама. Бо, як адзначае CNN, ён даволі хутка асудзіў правядзенне рэферэндума, што значыць, што США чакаюць вынікаў, якія перанакіруюць рэгіён у бок Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі