Вы тут

За сем гадзінаў у Барысаве выпала траціна месячнай нормы ападкаў

Наступствы стыхіі ў Барысаве / mchs.gov.by

Ад стыхіі, якая прайшла па Беларусі 14 чэрвеня, найбольш пацярпелі некаторыя раёны Міншчыны, Гомельшчыны і Магілёўшчыны, паведамляе прэс-служба МНС.

У нядзелю праз Беларусь прайшшоў навальнічны фронт. Парывы ветру дасягалі 18 метраў за секунду. Па адным населеным пункце пацярпелі ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці і ў Глускім раёне Магілёўшчыны. Пашкоджаныя дахі аднаго жылога дома, аднаго вытворчага і аднаго сельскагаспадарчага будынкаў.

У Бярэзінскім раёне зафіксаваныя 45 выпадкаў, калі дрэвы падалі на лініі электраперадач. Без электрычнасці заставаліся 33 населеныя пункта і 8 сельскагаспадарчых будынкаў. Аднавіць падачу электрычнасці спажыўцам удалося ў 22:50.

У Барысаве за сем гадзін (з 12:00 да 19:00) выпала больш за траціну месячнай нормы ападкаў — 31,6 мм пры сярэднямесячнай норме 85 мм. У выніку былі падтопленыя шэсць падворкаў і адзін участак дарогі.

Пацярпелых пры здарэннях няма. 

Паводле звестак ДВА "Белэнерга", на працягу сутак было парушаная падача электрычнасці ў 279 населеных пунктаў, 42 сельскагаспадарчыя будынкі і 855 трансфарматарных падстанцый. Адключэнні аператыўна ліквідаваліся аварыйнымі брыгадамі. Па стане на 6:00 15 чэрвеня без электразабеспячэння заставаліся 12 населеных пунктаў і 49 трансфарматарных падстанцый у Гомельскай і Мінскай абласцях.

Наступствы стыхіі ў Барысаве / mchs.gov.by
Наступствы стыхіі ў Барысаве / mchs.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.