За допісы ў Threads і TikTok можна трапіць пад "крыміналку" — Следчы камітэт

Аляксандр Сухадольскі

Аляксандр Сухадольскі / старонка ў Інстаграме

У Беларусі ўжо ёсць выпадкі, калі на людзей пачыналі крымінальныя справы за публікацыі ў сацсетках Threads і TikTok. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ сказаў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Аляксандр Сухадольскі.

Ён заявіў, што ўжо ёсць факты не толькі пачатых крымінальных справаў, але і "прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці". Людзям інкрымінавалі артыкулы аб распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці, а таксама заведама ілжывыя паведамленні аб небяспецы. "Ужо ёсць прэцэдэнты, калі асоб затрымлівалі", — дадаў Сухадольскі.

Начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Наталля Сахарчук заявіла, што міліцыя ўважліва сочаць за допісамі ў сацсетках і за любы каментар у Threads да карыстальніка можа прыйсці ГУБАЗіК.

"Думайце, што вы пішаце ў каментарах. Таму што дастаткова шмат тэм, нават нейкіх трагічных, дзе людзі пачынаюць пісаць, ну прабачце, у прамым сэнсе слова гадасці, у тым ліку ў дачыненні да гэтага чалавека. За ўсё за гэта наступае адказнасць. А потым пачынаецца: прабачце, я больш так не буду, дапамажыце і гэтак далей. Думаць трэба галавой, што ты пішаш", — пракаментавала Сахарчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.