Вы тут

За час збору подпісаў вынесена больш за 20 папярэджанняў

Лідзія Ярмошына / З архіва Еўрарадыё​

За час збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі вынеслі больш за 20 папярэджанняў. У асноўным яны звязаны з "няправільнымі" пікетамі, дзе патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты не проста збіраць подпісы, але і агітуюць за сваё абранне. А гэта забаронена да таго, як кандыдат у дэпутаты будзе зарэгістраваны.

"Цэнтрвыбаркам атрымлівае такую ​​статыстыку. Дакладнай лічбы на дадзены момант няма, але па стане на канец мінулага тыдня іх было 22", — распавяла Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Калі тэрытарыяльная, акруговая або Цэнтральная выбарчая камісія ўгледжвае парушэнне ў працэсе збору подпісаў, яна мае права вынесцi папярэджанне як таму, хто вылучаецца ў кандыдаты, так і яго ініцыятыўнай групе. У выпадку паўторнага парушэння ўдзельніку парламенцкай кампаніі могуць адмовіць у рэгістрацыі або адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты скончыцца 17 кастрычніка, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.