Вы тут

За 4,94 грама "траўкі" і 0,64 грама МDМА — "хатняя хімія"

Фота з залы суда. На лаве — абвінавачваны Сцяпан / Еўрарадыё

У Мінску завяршыўся яшчэ адзін суд па "наркатычным" 328-м артыкуле Крымінальнага кодэкса. Суд Партызанскага раёна асудзіў 18-гадовага Сцяпана, у якога знайшлі 4,94 грама марыхуаны і 0,6409 грама псіхатропу MDMA, на два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама суд вырашыў канфіскаваць у хлопца “айфон” і спагнаць у даход дзяржавы 571,21 рубель — за працэсуальныя выдаткі.

19 студзеня мiлiцыя затрымала Сцяпана і яшчэ каля 40 маладых людзей на вечарыне ў катэджы на вуліцы Геалагічнай ў Мінску. У Сцяпана, яго прыяцеля і яшчэ адной удзельніцы вечарынкі знайшлі наркотыкі, супраць іх і была ўзбуджаная крымінальная справа. Да суда дайшлі толькі справы хлопцаў.

Першае судовае паседжанне па справе Сцяпана было паказальным: яно прайшло 25 красавіка ў мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад'ёмна-транспартных работ. 18-гадовы маоады чалавек вучыцца на трэцім курсе ў каледжы бізнесу і права.

На паседжанні 26 красавіка суд выслухаў апошняе слова Сцяпана. У ім хлопец прызнаўся, што больш за ўсё яму сорамна перад бацькамі. У будучыні ён не збіраецца ўжываць наркотыкі, а ўвесь вольны час прысвеціць вучобе, спорту і вячэрнім курсам, сказаў Сцяпан:

"Высокі суд, у першую чаргу я вельмі шкадую аб тым, што зрабіў, і мне вельмі сорамна перад маімі бацькамі, якія далі мне ўсё для таго, каб я пражыў добрае жыццё. А я адплаціў ім такім учынкам, які здзейсніў. <...> Я дзякую Богу за тое, што гэта ўсё здарылася са мной менавіта ў такім раннім узросце, паколькі я веру, што лёс можа даць другі шанец, які я выкарыстоўваю, каб будаваць сваё жыццё ўжо свядома, па-даросламу. Сваю астатнюю маладосць я хачу прысвяціць не бессэнсоўнаму марнаванню часу на нейкія вечарынкі і тусоўкі дзеля нейкай ўяўнай весялосці, а таму, каб хаця б адплаціць сваім бацькам і апраўдаць сябе ў іх вачах. Высокі суд, я цалкам раскайваюся ў зробленым і абяцаю надалей не здзяйсняць падобных учынкаў. Прашу прызначыць мне магчымае мінімальнае пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем і абмежаваннем волі".

Сваякі абвінавачанага адмовіліся ад размоў з Еўрарадыё. На працягу 10 дзён у іх ёсць магчымасць абскардзіць прысуд у судзе вышэйшай інстанцыі.

Крымінальную справу ў дачыненні да другога ўдзельніка вечарынкі суд Партызанскага раёна разгледзіць 29 красавіка на выязным судовым паседжанні ў каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе. Хлопца таксама абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 328, у яго знайшлі 0,4 грама марыхуаны.

З апошніх прысудаў па "наркатычным" 328-м артыкуле можна зрабіць выснову пра больш дыферэнцыяваны падыход следства і суддзяў да людзей, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Спажыўцам інкрымінуюць частку 1 артыкула 328, якая прадугледжвае параўнальна мяккія пакаранні. Напрыклад, маладых людзей, якія ўдзельнічалі ў "смяротнай вечарынцы", суд пакараў так: 21-гадоваму Антону — тры гады абмежавання волі, Сафіі — два гады "хатняй хіміі". Астатнія падлеткі пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады (праўда, рашэнне было абскарджана Генпракуратурай). А непаўналетняга К. суд Ленінскага раёна Мінска нядаўна ў прынцыпе вызваліў ад крымінальнай адказнасці, замяніўшы яе адміністрацыйнай — штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў).