Вы тут

Самы гуманны суд: падлетка з Мінска не сталі саджаць за марыхуану

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі/stranaprotivnarkotikov.ru

8 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска вызваліў ад крымінальнай адказнасці непаўналетняга К., які абвінавачваецца ў набыцці і захоўванні марыхуаны без мэты збыту (ч. 1 арт. 328 КК), паведамляе прэс-служба суда.

Маладога чалавека абвінавачвалі ў набыцці і захоўванні не менш 0,0561 грама марыхуаны. У прэс-рэлізе суда гаворыцца, што частку наркотыку хлопец ужыў, а рэшткі, з якімі яго затрымалі, будучы ў стане наркатычнага ап'янення, працягваў захоўваць дома.

Раней К. не быў судзімы, здзейсніў злачынства ў падлеткавым узросце, суседзі характарызуюць яго добра. Хлопец працуе, даглядае бацьку — інваліда першай групы. За ўжыванне наркотыку малады чалавек пакаяўся.

Крымінальная справа ў дачыненні да хлопца спыненая, па арт. 86 КК яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, штрафу ў памеры 10 базавых (255 рублёў).

Па ч. 1 арт. 328 КК Беларусі К. пагражала абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 10.01