Вы тут

За 10 гадоў у Беларусі сталі рабіць у 6,5 раза менш абортаў? Фактчэк

Лялечны эмбрыён / www.snopes.com

За апошнія 10 гадоў у Беларусі стала ў 6,5 раза менш выпадкаў перапынення цяжарнасці. Спецыялісты Мінздароўя звязваюць гэтую тэндэнцыю з увядзеннем абавязковай перадабортнай кансультацыі з псіхолагам.

"Жанчына можа прыйсці, калі яна хоча, з партнёрам, калі яна хоча, з мужам, калі яна хоча, з мамай, і атрымаць бясплатную кансультацыю. Псіхолаг правільна расставіць акцэнты, — распавяла ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" галоўная спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Юлія Савачкіна. — Такое кансультаванне — яно дае свой эфект".

У сюжэце агучваецца, што пасля кансультацыі жанчыны захоўваюць цяжарнасць у 15-20% выпадкаў.

Скрыншот: "Беларусь 1"

Між тым, агучаныя звесткі не супадаюць з выкладкамі, прыведзенымі на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2008 годзе ў Беларусі было зроблена 42,2 тысячы абортаў, у 2009-м — 36 тысяч, а актуальная статыстыка — 23,3 тысячы абортаў за 2018 год.

Калі ж казаць пра іншы паказчык — колькасць перапыненняў цяжарнасці на 1000 жанчын ва ўзросце ад 15 да 49 гадоў — дык у 2008 годзе ён складаў 16,7, а ў 2009 годзе — 14,4. Па статыстыцы на 2018 год гэты паказчык роўны 10,5.

Інакш кажучы, абортаў у Беларусі за апошнія 10 гадоў сапраўды стала істотна менш. Але, паводле Белстата, не ў 6,5 раза.

Крыніца звестак: Белстат

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.