Вы тут

За 10 гадоў: Орша і Бабруйск страчваюць жыхароў, Баранавічы растуць

Орша / planetabelarus.by

Белстат апублікаваў новыя звесткі з перапісу насельніцтва 2019 года. Гэта поўная статыстыка па насельніцтве беларускіх гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу.

Які райцэнтр за 10 гадоў страціў больш за ўсё жыхароў? У якім горадзе жыве менш за ўсё людзей? Мы параўналі новыя звесткі з вынікамі перапісу 2009 года. 

У самым маленькім горадзе — 1400 жыхароў

Самым маленькім горадам Беларусі была і застаецца Дзісна ў Віцебскай вобласці. Цяпер там пражывае каля 1400 чалавек. За апошнія 10 гадоў насельніцтва гарадка скарацілася на 500 жыхароў — гэта значыць больш чым на чвэрць!

На другім месцы — горад Косава ў Брэсцкай вобласці. Яго насельніцтва складае 1900 чалавек, за 10 гадоў колькасць жыхароў скарацілася на сотню. Самы маленькі пасёлак гарадскога тыпу — г. п. Татарка ў Асіповіцкім раёне. Там жыве каля 500 чалавек.

Орша страціла 9 тысяч, у Баранавічах — рост на 7 тысяч 

Самы буйны райцэнтр Беларусі — Бабруйск. Там жыве 212 тысяч чалавек. За апошнія 10 гадоў колькасць жыхароў магілёўскага райцэнтра скарацілася на 3 тысячы. Страціў каля 7 тысяч чалавек Барысаў у Мінскай вобласці — па выніках перапісу 2019 года насельніцтва там складае 140 тысяч. Зменшылася колькасць жыхароў таксама ў Оршы (-9 тысяч чалавек), Мазыры (-3 тысячы).

А вось у Баранавічах за 10 гадоў насельніцтва горада павялічылася амаль на 7 тысяч. Цяпер там жыве 175 тысяч чалавек. Павялічылася насельніцтва і ў гродзенскім райцэнтры Лідзе — з 97 тысяч у 2009-м да 102 тысяч у 2019-м. Гэта значыць, за 10 гадоў Ліда ўвайшла ў клуб статысячнікаў!

Мінус тысяча ў Магілёве, плюс 184 тысячы ў Мінску

Усе абласныя цэнтры прыраслі новымі жыхарамі за апошнія 10 гадоў, акрамя Магілёва. Гэты горад страціў больш за тысячу жыхароў.

Насельніцтва Мінска павялічылася на 184 тысячы — у сталіцы цяпер жыве больш за 2 мільёны чалавек. Прыблізна на 30 тысяч прыраслі Брэст, Гродна, Гомель. Самы маленькі прырост — у Віцебску (+17 тысяч).

Мінус 97 тысяч жыхароў у Віцебскай вобласці

За мінулыя 10 гадоў колькасць жыхароў Беларусь скарацілася на 95 тысяч.

З абласцей антырэкорд устанавіла Віцебшчына: колькасць жыхароў там скарацілася на 97 тысяч. Гэта практычна насельніцтва Наваполацка! Магілёўская вобласць страціла каля 76 тысяч чалавек, Гомельская — крыху больш за 50 тысяч. Павялічылася на 50 тысяч насельніцтва Мінскай вобласці.

На першы погляд, лічбы не сыходзяцца, але ўсё тлумачыцца унутранай міграцыяй. Людзі пераехалі з Віцебскай вобласці ў Мінск — на насельніцтве Беларусі гэта не адлюстроўваецца, а вось у разрэзе абласцей бачна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.