Вы тут

З Туніса вярнулі, з Кіпрам пакуль праблемы: як беларускія турысты ляцяць дадому

Яшчэ каля 90 беларускіх турыстаў на Кіпры / Еўрарадыё

Уночы на 7 чэрвеня "Белавія" вярнула з Туніса 209 турыстаў, якія "захраслі" там праз адмену рэйсаў. Самалёт ляцеў з дазапраўкай у Анталіі, расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе "Белавія". Адтуль давялося закласці вялікі крук праз забарону ляцець над Украінай.

Яшчэ каля 90 чалавек знаходзяцца на Кіпры. Па словах кіраўніка Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіпа Гулага, беларускія ўлады гатовыя эвакуяваць турыстаў, але кіпрскія ўлады не даюць на гэта дазволу. Тым часам беларусам, пуцёўкі якіх даўно скончыліся, даводзіцца высяляцца з гатэляў і самім клапаціцца пра сябе.

Еўрарадыё распытала беларускіх тураператараў, як яны вяртаюць турыстаў дадому і што рабіць, калі аператыўна гэтага зрабіць не атрымліваецца.
 

"Пашанцавала, што ёсць офіс на Кіпры"

Здаецца, самі турыстычныя кампаніі не надта разлічваюць, што Кіпр дасць "Белавія" дабро на "гуманітарны рэйс". Частка турыстаў ужо вярнулася рэйсамі іншых авіякампаній. Праўда, не наўпрост у Мінск, а праз Кіеў.

 

Шлях беларускіх турыстаў дадому часта ляжыць праз Кіеў / Еўрарадыё

У кампаніі "Ростынг" Еўрарадыё пацвярджаюць, што ў іх былі турысты, якія "затрымаліся" на адпачынку. І лаканічна кажуць, што "ўсіх ужо вярнулі".

У "Музенідзіс Трэвэл" кажуць, што на момант адмены рэйсаў "Белавія" 9 турыстаў фірмы знаходзіліся на Кіпры. Да 4 чэрвеня ўсе вярнуліся ў Мінск.

Мы забраніравалі альтэрнатыўны пералёт да Кіева плюс аўтобусы з Кіева, — расказвае спецыяліст "Музенідзіс Трэвэл" па рэкламе і PR Анастасія Пазнякова. — Пакуль за нявыкарыстаны ўчастак Ларнака — Мінск вяртанне сродкаў "Белавія" не зрабіла. Таму мы за кошт сваіх сродкаў куплялі білеты назад. Разлічваем, што гэтыя сумы будуць супастаўныя.

Паколькі Украіна для ўезду патрабуе адмоўны ПЛР-тэст на каранавірус, давялося тэрмінова арганізоўваць здачу аналізаў. А 6-й вечара аказалася, што рэйс "Белавія" адменены, а турыстам давядзецца вяртацца на наступны дзень, а 10-й гадзіне, на іншым рэйсе.

Нам было прасцей усё арганізаваць аператыўна, таму што ў нас ёсць свой офіс на Кіпры. Паколькі нашы турысты цалкам скарысталіся адпачынкам і быў зваротны рэйс у Кіеў у дні, у якія яны павінны былі вяртацца, то нават дадатковую ноч у гатэлі не трэба было браніраваць.

У "Музенідзіс Трэвэл" адзначаюць, што эвакуяваць 9 турыстаў прасцей, чым, скажам, 25. А ў цяперашні час на Кіпры застаюцца каля 90 беларускіх турыстаў.
 

"Арганізаванага турыста не забудзем. За іншых не адказваем"

Здараюцца і зрывы альтэрнатыўных рэйсаў / Reuters

Кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый і дырэктар туркампаніі "Тайм Ваяж" Руслан Сегенюк таксама кажа, што турыстаў з Кіпра вывозяць у асноўным праз Кіеў.

Вывезлі турыстаў з Чарнагорыі і Албаніі. Вывозім з Туніса. Усё па графіку, практычна ва ўсіх білеты купленыя альбо яны яшчэ адбываюць свой адпачынак. Ніводнага "арганізаванага" турыста нідзе ніколі не забудзем. А за "неарганізаваных" мы не адказваем.

Акрамя паслуг замежных авіякампаній, для вяртання турыстаў заказваліся і гуманітарныя рэйсы.

Гэта значыць, што запытвалі паветраную прастору ў розных краін, каб праляцець "Белавія", забраць сваіх турыстаў і вярнуцца назад. Так, ёсць зрывы. З Кіпра павінен быў адбыцца рэйс авіякампаніі "Ямал", але не быў атрыманы дазвол у Расіі праз няправільна аформленыя дакументы на рэйс. Было прынята рашэнне вывозіць праз Кіеў. Таму людзі крыху панерваваліся.
 

За ўсё плацяць тураператары

 

2021 год таксама ўдарыў па кішэні турфірм / Еўрарадыё

Суразмоўнік адзначае, што ў вядомых яму выпадках за зваротныя білеты і дадатковы час у гатэлі плацяць туркампаніі.

Хутчэй за ўсё, нават тыя турысты, якія куплялі за свой кошт білеты па вяртанні, напрыклад з Кіпра, прыйдуць у турыстычныя кампаніі і напішуць заявы на вяртанне грошай. Наша кампанія дакладна выплачвае. Потым мы будзем пісаць заяву ў "Белавія" на вяртанне сродкаў. Спадзяёмся, што нешта вернецца і нам. Зразумела, што гэта зусім не тыя грошы і што туды не ўваходзіць дадатковае знаходжанне некаторых турыстаў на Кіпры. Але для нас цяпер самае галоўнае вярнуць кліентаў дадому.

Самі туркампаніі ў цяжкім стане, кажа Руслан Сегенюк. Летась па іх ударыў COVID-19. Але праблем сёлета нашмат больш, як і расходаў праз праблемы з "паветранымі санкцыямі".

Мінспорту і турызму пакуль "ніяк не каментуе сітуацыю". Пра колькасць турыстаў, якія чакаюць вяртання дадому, у ведамстве таксама не паведамляюць.

Тураператары тым часам працуюць над павелічэннем чартарных праграм, куды яшчэ магчыма лётаць. Пераносім туры з іншых краін у Турцыю, Егіпет, Грузію і ААЭ.

Дзякуй богу, у асноўным турысты хочуць адпачываць, а не вяртаць грошы, — працягвае Руслан Сегенюк. — Спадзяёмся, што нейкім чынам нам удасца задаволіць усіх турыстаў, каб яны засталіся задаволеныя. І гэта праца дапаможа турыстычнаму рынку краіны ўтрымацца на плаве. Пра прыбытак, зразумела, сёлета гаворкі ўжо быць не можа — гаворка ідзе пра выжыванне цэлай галіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.