Вы тут

З беларускамоўным дзіцём “лепш адразу ідзіце да прыватнага лагапеда”

Фота: Tuttoscuola

Малады бацька Вадзім Пракопчык апублікаваў у Facebook сумны допіс пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускамоўныя дзеці і іх бацькі. Частка гісторый звязаная з працай рускамоўных лагапедаў, якія ці то не разумеюць, што да беларускамоўных дзяцей трэба падыходзіць па-іншаму, чым да рускамоўных, ці то прынцыпова не хочуць гэтага разумець.

“Это не имеет значения, языки одинаковые”

“Прыходзім да лагапеда. Сыну 3,5. Яму даюць рускамоўную метадычку і просяць называць прадметы па-руску, каб пачуць менавіта тыя гукі, да якіх малюнкі. Сын, натуральна, называе не ўсё, саромеецца, — распавядае маці, якая выхоўвае дзіця па-беларуску. — У выніку яму пішуць: "Общее отставание в речевом развитии", і накіроўваюць на камісмію. Муж пытаецца: "А нічога, што вы белмоўнаму дзіцяці паказваеце метадычку для рускамоўных і хочаце пачуць рускія гукі?" Адказ: "Это не имеет значения, языки одинаковые, идите на комиссию"”.

Вадзім Пракопчык. Фота з Facebook

Яшчэ адна гісторыя — пра тое, як рускамоўны доктар навязвае беларускім дзеткам арфаэпічныя нормы рускай мовы, дзе, напрыклад, гукі [ч] і [щ] заўсёды вымаўляюцца мякка, а [р] мае мяккую пару [р’]. У беларускай жа мове гукі [ч] і [р], а таксама [ч] і [шч] вымаўляюцца толькі цвёрда.

“Ведаю, што беларускамоўных дзяцей з лагапедычнымі праблемамі накіроўваюць у рускамоўную лагапедычную групу, дзе ўсе заняткі па-руску і дзецям ставяць рускую фанетыку: мяккае ч, щ, р'. Калі мая знаёмая адмовілася пераводзіць дзіця з беларускай групы ў рускую, але папрасіла, каб на заняткі да штатнага лагапеда яго вадзілі, адміністрацыя адмовілася. Ці рускамоўная група, ці шукайце лагапеда ў іншым месцы”.

“З 2013 года працуем, і вы з пытаннем пра беларускамоўнае дзіця першы”

Адшукаць лагапеда ў Мінску нескладана: просты запыт у Google выдае дзясяткі нумароў спецыялістаў. Але ці ўсе яны гатовыя працаваць з беларускамоўным дзіцём?

“Прабачце, калі ласка, але на беларускай мове — не. Толькі на рускай”, — адразу абламываюць Еўрарадыё ў цэнтры дзіцячага развіцця і лагапедыі “Алфавит”.

“Гэта трэба ўдакладняць, — адказвае карэспандэнту Еўрарадыё адміністратар клінікі “Мой любимый логопед”. — Шчыра кажучы, мы з 2013 года працуем, і вы з пытаннем пра беларускамоўнае дзіця першы”.

“Гук набывае адценне тады, калі ён складваецца з іншым гукам, — далучаецца да размовы доктар-лагапед. — То бок, беларускі гук [р] і рускі [р] пачынаюць гучаць па-рознаму, толькі калі вымаўляюцца ў слове. Калі вашае дзіця не вымаўляе літару [р], дык “паставіць” яе зможа кожны лагапед.

Вам прынцыпова, каб гэта было па-беларуску? Я распытаю ў нашых спецыялістаў, ці змогуць яны зрабіць гэта якасна. Бо цяпер няшмат хто беларускай мовай карыстаецца. Хіба што, нехта ў школе падпрацоўвае. Хаця курс беларускай быў у нас ва ўніверсітэце — гэта вялікі курс, і ўсе яе здавалі. Думаю, гэта было якраз на такі момант”.

Фота: фонтанелия.рф

Ведаў, якія даюцца медыкам падчас навучання, дастаткова

Пажадана, каб у беларускамоўнага дзіцяці быў беларускамоўны лагапед, бо “пастаўлены” гук трэба замацоўваць у маўленні. Асноўная роля тут належыць бацькам. Але ўявіце сабе, што дзіця толькі што навучылася вымаўляць [р] цвёрда, а навокал чуе прыклады мяккага вымаўлення гука?

Цікава яшчэ і тое, што кожны лагапед, які добра вучыўся ва ўніверсітэце, можа працаваць, не дыскрымінуючы беларускамоўнае дзіця. Наша суразмоўца адзначыла, што менавіта для лагапедаў асобнага курса беларускай мовы не чытаюць. Але падкрэсліла, што тых ведаў, якія даюцца падчас навучання, дастаткова, каб зразумець адрозненні вымаўлення гукаў у рускай і беларускай мовах. 

“Калі вам проста ставіць гук [р], дык я мяккі проста не буду чапаць”, — адказвае Еўрарадыё лагапед з клінікі “ЛогаАзбука”. — Я, натуральна, размаўляю на беларускай мове, але не тое каб вельмі добра, — пераходзіць яна на беларускую мову. — Але, каб ставіць гукі, гэта не прынцыпова”.

“Лепш адразу ідзіце да прыватнага лагапеда”

Беларуская мова — мова для заможных дзетак: адзін занятак з прыватным лагапедам каштуе ў сярэднім 20 рублёў. Натуральна, такія расцэнкі могуць сабе дазволіць не ўсе. Таму мы вырашылі патэлефанаваць у дзяржаўныя паліклінікі і спытаць, ці гатовыя тамтэйшыя лагапеды працаваць з беларускамоўным дзіцём.

“Дактары не будуць у нас па-беларуску размаўляць, — па-беларуску адказваюць нам у рэгістратуры 6-й дзіцячай паліклінікі. — Лепш адразу ідзіце да прыватнага лагапеда”.

Ва ўсіх іншых мінскіх паліклініках, да якіх мы датэлефанаваліся, рэгістратура не ведае, ці прыме лагапед беларускамоўнае дзіця. У 2-й паліклініцы нам раяць падыйсці да кабінета і запытацца ў самога доктара. У 15-й гатовыя запісаць на прыём — што праўда, без гарантыі, што доктар будзе працаваць з беларускамоўным дзіцём. Запіс ідзе ўжо на канец сакавіка.