Лукашэнка загадаў стварыць новую ВНУ, у яе будуць набіраць не больш за 150 абітурыентаў
Абітурыенты, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі плануюць стварыць новую ВНУ, яна будзе называцца Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій. Стварэнне такой установы абмяркоўвалася на нарадзе ў Лукашэнкі 4 жніўня.
Паводле Лукашэнкі, гэта павінен быць універсітэт будучыні. Там павінна стварацца "тое, што будзе трэба заўтра і паслязаўтра". У гэтай акадэміі павінны рыхтаваць спецыялістаў, здольных ствараць уласныя рашэнні ў найбольш перспектыўных галінах — у штучным інтэлекце, новых матэрыялах, лічбавай прамысловасці, квантавых тэхналогіях. Узрост навучэнцаў Лукашэнка акрэсліў так: "Маладыя, юныя, зусім дарослыя або пенсіянеры — гэта мы павінны вызначыцца".
Па выніках нарады міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што ў акадэміі будзе некалькі спецыяльнасцяў. На іх плануецца набіраць па 10-15 чалавек, але не больш за 150 слухачоў штогод.
У акадэміі будуць дзейнічаць тры вышэйшыя школы: прыродазнаўчых навук (матэматыка, фізіка, хімія), інжынерных тэхналогій (новыя матэрыялы, аэракасмічныя даследаванні, фізіка-хімічная інжынерыя), лічбавых тэхналогій (штучны інтэлект, лічбавыя фінансавыя тэхналогіі).
На думку чыноўніка, выпускнікі ВНУ пасля яе заканчэння змогуць ствараць свае малыя кампаніі. А вось перанесці бізнес у іншую краіну ўлады не дазволяць. "Вядома, дзяржава будзе ўкладваць вялікія фінансавыя і інтэлектуальныя рэсурсы ў падрыхтоўку гэтых спецыялістаў і мае права разлічваць на тое, што яны будуць працаваць у нас. Мінімум пяцігадовы тэрмін, кантракт для выпускнікоў павінен быць не толькі гарантаваным рабочым месцам, але і добрым стартам рэалізацыі атрыманых ведаў і навыкаў", — заявіў Іванец.
Мяркуецца, што ў Акадэмію змогуць пасля адбору паступіць выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Асобныя ўмовы пры паступленні будуць для выпускнікоў каледжаў, і студэнтаў, якія ўжо навучаюцца па сумежных напрамках у іншых універсітэтах краіны.