З Беларусі ў Расію вярнулі 450 тысяч тон “бруднай” нафты

З Беларусі ў Расію вярнулі 450 тысяч тон “бруднай” нафты

З Беларусі ў Расію вярнулі 450 тысяч тон “бруднай” нафты з утрыманнем хлорарганікі. Як паведамляе канцэрн “Белнафтахім”, станам на 9 чэрвеня нафта ў дзвюх нітках трубаправода “Дружба” ад Мазыра да мяжы з Польшчай замененая на адпаведную стандартам нафту. Такім чынам, ад сёння аднаўляюцца пастаўкі сыравіны ў ЕС.

Такім чынаам беларускі аператар магістральнага нафтаправода ААТ “Гомельтранснафта Дружба” выканаў шэраг этапаў дарожнай карты мерапрыемстваў па выцясненні забруджанай нафты. Пасля праверкі яе якасці на польскай памежнай перапампавальнай станцыі “Адамава” прынятае рашэнне пра аднаўленне транспартоўкі ў Польшчу і Нямеччыну з 9 чэрвеня. Транзіт нафты ў кірунку Украіны ідзе паводле графіка.

Цяпер павінны выцясніць забруджаную хлорарганікай расійскую нафту з трэцяй ніткі трубаправода ад Адамава да Мазыра. Гэты этап завершыцца ў першыя дні ліпеня. Затым ачысцяць нітку ад Мазыра да расійскай Унечы — працы будуць весціся да сярэдзіны жніўня.

Транзіт расійскай нафты ў ЕС праз нафтаправод “Дружба” прыпынілі месяц таму, калі туды трапіў вялікі аб’ём забруджанай сыравіны. Паводле падлікаў “Белнафтахіма”, у трубаправод трапіла каля 5 мільёнаў тон няякаснай нафты. На поўнае аднаўленне працы нафтаправода на тэрыторыі Беларусі спатрэбіцца да шасці месяцаў.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі