Вы тут

Юрый Чыж павінен вярнуць дзяржаве льготы 13-гадовай даўніны

Юрый Чыж / Ежедневник

Кампанію "Трайпл" абавязалі вярнуць грошы, якія па суме роўныя атрыманым ад дзяржавы прэферэнцыям. Грошы пойдуць у бюджэт Мінска.

Пра гэта сказана ў указе ад 30 жніўня 2021 года № 326, які афіцыйна апублікаваны 1 верасня.

У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка даў кампаніі Юрыя Чыжа магчымасць будаваць жыллё, у тым ліку для беларускіх вайскоўцаў, і прыцягваць інвестыцыі для развіцця жыллёвай інфраструктуры ў Минску і прыгарадах.

Цяпер "Трайплу" трэба будзе вярнуць суму прэферэнцый, атрыманых тады ад уладаў. Ва ўказе таксама названыя зямельныя ўчасткі, да якіх гэта ставіцца. Адзін з іх знаходзіцца ў ваенным гарадку № 69 "Уручча" (плошчай у 21 гектар), другі — у ваенным гарадку № 31 "Шпіталь" (больш за 4 гектары).

У канцы ліпеня "Еўрарадыё" паведамляла, што эканамічны суд Мінска прызнаў банкрутам кампанію Юрыя Чыжа "Трайпл" і прыняў рашэнне аб яе санацыі.

Самога Юрыя Чыжа арыштавалі ў сакавіку 2021 года. Разам з ім былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнесмэна пасля разгрому яго бізнесу.

У СМІ тады пісалі, быццам крымінальная справа супраць бізнесмэна звязана са справай 2016-га года: тады яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад аплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Гэта тады Аляксандр Лукашэнка распавядаў, што Чыж спрабаваў збегчы з краіны, гонячы ў бок мяжы 200 кіламетраў на гадзіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.