Юля Несцярэнка не трапіць на Алімпійскія гульні ў Пекіне?

“Белая маланка” зноў прапускае спаборніцтвы.

Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы ў гэтым годзе пройдзе без алімпійскай чэмпіёнкі. Пасля нечаканай яскравай перамогі ў стометровым спрынце на Алімпійскіх гульнях у Афінах спартоўка так не змагла нічога выйграць, нават чэмпіянат краіны. Няўжо беларусы губляюць сваю “легенду”? Але нягледзячы на такія кволыя выступы Юля дагэтуль знаходзіца ў групе А, куды ўваходзяць самыя моцныя спартоўцы краіны. Менавіта на іх ускладаюцца надзеі на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. І менавіта яны атрымліваюць самыя вялікія стыпендыі, дарагія вітаміны і спартовае харчаванне.

У лютым на паседжанні выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Анатоль Бадуеў заявіў, што аднаўляльны перыяд спартоўкі вельмі зацягнуўся. Для таго каб праявіць сябе, ёй далі тэрмін да жніўня гэтага года. Што мелася на ўвазе пад гэтымі словамі? Для тлумачэння гэтага выразу Еўрарадыё звярнулася да Анатоля Бадуева:

“Быць проста фізічна, маральна, псіхічна – без траўмаў, здаровай. Вось што мелася на ўвазе. А вынік, калі яна будзе здаровай, яна пакажа”.

Каб даведацца, у якім псіхічным і фізічным стане зараз знаходзіцца атлетка, Еўрарадыё звярнулася да мужа і па сумяшчэнні трэнера Юлі, Дзмітрыя Несцярэнкі.

“Мы толькі пачынаем узмоцнена трэніравацца ў жніўні. У нас аднаўленчы базавы год. Мы ж адразу сказалі, што выступаць у гэтым годзе не будзем”.

Атрымліваецца, што Юля ў гэтым годзе прапусціць і чэмпіянат свету. Ці не сведчыць гэта пра тое, што мы не ўбачым яе ў Пекіне на Алімпійскіх гульнях, бо ў Японіі будуць разыгравацца алімпійскія ліцэнзіі? Прэс-сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Пётр Рабухін запэўніў нас, што ў Юлі Несцярэнкі яшчэ ёсць шанец трапіць на Алімпійскія гульні:

“Дастаткова прыняць удзел у спаборніцтве пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі, дзе выконваюцца кваліфікацыйныя нарматывы. Трэба выканаць кваліфікацыйны нарматыў – і ніякіх праблемаў не будзе, можна не ўдзельнічаць больш у ніякіх спаборніцтвах”.

Тэрмін, да якога можна атрымаць алімпійскую ліцэнзію, – 1 жніўня 2008 года. У Юліі Несцярэнкі будзе не так шмат часу, каб атрымаць “запаветную пуцёўку”. Дый вынік, які яна будзе вымушана паказаць, далёка не нізкі. Каб прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях, мінімум, які неабходна прадэманстраваць, для групы Б складае 11.32 секунды, а для групы А – наогул 11.21. Нагадаем, што на апошніх сваіх спаборніцтвах, чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы 2006 года, Юля заняла 6-ае месца, паказаўшы вынік 11.34…

Юля Несцярэнка пачала губляць абароты пасля таго, як сышла ад свайго мінулага трэнера Віктара Ярашэвіча. Зараз Віктар адмаўляецца размаўляць на тэму Несцярэнкі. Адзінае, што змагло дазнацца Еўрапейскае радыё, гэта тое, што замену Несцярэнцы ён ужо знайшоў:

“Подзвіг гэты складана паўтарыць. Але мы да яго імкнемся. Ёсць у мяне зараз Шуляк Анастасія. Яна у зборнай камандзе краіны ўжо чатыры гады. Уваходзіць у групу Б, але я спадзяюся, што хутка будзе ў А”.

А хто яшчэ з беларускіх лёгкаатлетак можа атрымаць алімпійскую ліцэнзію на стометроўку? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да Анатоля Бадуева. На яго думку, усе шанцы ёсць яшчэ ў трох спартовак. У пералік трапілі Алена Немержыцкая, Аксана Драгун, Наталля Сафроннікава. Дарэчы, усе гэтыя тры спартоўкі абагналі Юлю Несцярэнку на апошнім чэмпіянаце Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі