Юлія Навальная ідзе ў палітыку замест забітага мужа

Юлія Навальная

Юлія Навальная / Reuters

Юлія Навальная ідзе ў палітыку замест забітага мужа Аляксея Навальнага. Гэта вынікае з яе новай заявы.

"Забіўшы Аляксея, Пуцін забіў палову мяне — палову майго сэрца і палову маёй душы. Але ў мяне засталася другая палова, і яна падказвае мне, што я не маю права здавацца,цытуе яе заяву novayagazeta.eu. — ...Я заклікаю вас стаць побач са мной. Падзяліць не толькі гора і бясконцую боль, якая ахутала нас і не адпускае. Я прашу вас падзяліць са мной лютасць. Лютасць, злосць, нянавісць да тых, хто забіў нашу будучыню".

Навальная заклікае "выкарыстоўваць кожную магчымасць", каб "змагацца супраць вайны, супраць карупцыі, супраць несправядлівасці, змагацца за сумленныя выбары і свабоду слова". Таксама яна прапануе змагацца за тое, каб вярнуць Расію, у якой цяпер пануе рэжым Уладзіміра Пуціна.

"Змагайцеся і не здавайцеся. Я не баюся, і вы не бойцеся", — кажа ў відэазвароце Юлія Навальная. Яна таксама адзначыла, што ведае, "за што канкрэтна Пуцін забіў Аляксея". І паабяцала, што найбліжэйшым часам пра гэта раскажуць.

Аляксей Навальны — вядомы палітычны апанент Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Яго 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Пра смерць Аляксея Навальнага ў калоніі афіцыйна паведамілі 16 лютага. Яму было 47 гадоў.

16 лютага ў Германіі Юлія Навальная сустракалася з кіраўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай. Яе ўжо параўноўваюць з ёй. Відаць, заўчасна. Ніякіх канкрэтных планаў дзейнасці Навальная пакуль не агучыла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі