Яўген Прыгожын патлумачыў, чаму "вагнераўцы" не дайшлі да Масквы

Яўген Прыгожын і Аляксандр Лукашэнка / Delfi
Яўген Прыгожын і Аляксандр Лукашэнка / Delfi

Яўген Прыгожын патлумачыў, чаму "вагнераўцы" не дайшлі да Масквы. 26 чэрвеня яго прэс-служба апублікавала аўдыёкаментар, першы пасля заканчэння "паходу на Маскву".

"Мэтай паходу было недапусціць знішчэнне ПВК "Вагнер" і прыцягненне да адказнасці тых асоб, якія сваімі непрафесійнымі дзеяннямі здзейснілі вялізную колькасць памылак падчас СВА [вайны ва Украіне]", — кажа Прыгожын. Прозвішчы, як раней, ён не назваў. Паводле яго слоў, "савет камандзіраў" ПВК "Вагнер" не пагадзіўся з далучэннем да Мінабароны, што патрабавалася зрабіць да 1 ліпеня. 

Яны пайшлі на Растоў-на-Доне, нібыта, каб здаць арміі сваю тэхніку. Але па дарозе калоны былі абстраляны, "каля 30 чалавек загінулі, былі і параненыя". Пасля гэтага "вагнераўцы" занялі Растоў-на-Доне. Яўген Прыгожын падкрэслівае, што яны яго цалкам кантралявалі. Далей былі пасланыя калоны "вагнераўцаў" на Маскву. Яны за суткі прайшлі 780 кіламетраў і спыніліся за 200 кіламетраў ад сталіцы, калі стала зразумела, што далей ужо будуць сур'ёзныя баі.

"Мы шкадуем пра тое, што мы вымушаны былі наносіць удары па аівяцыйных сродках", — кажа Прыгожын ("вагнераўцы" збілі вайсковы самалёт і некалькі верталётаў, якія іх атакавалі). І падкрэслівае, што "з тых, хто знаходзіўся на зямлі, ніхто не загінуў".

Прыгожын кажа, што "палічылі, што дэманстрацыя была дастатковая" (таксама ён кажа пра "майстар-клас"). Паводле яго слоў, "вагнераўцы" спыніліся, бо "не хацелі праліць рускую кроў". Яны "ішлі для дэманстрацыі свайго пратэсту, а не для зрынання ўлады ў краіне". У гэты час, кажа Яўген Прыгожын, і з'явіўся Аляксандр Лукашэнка, які "прапанаваў знайсці шляхі вырашэння для далейшай працы ПВК "Вагнер" у законнай юрысдыкцыі". "Калоны развярнуліся назад і сышлі ў палявыя лагеры", — заявіў Прыгожын. Пры гэтым ён не паведаміў, дзе цяпер знаходзіцца (у панядзелак з'явіліся чуткі, што яго бачылі ў Мінску).

Пасля спынення "паходу на Маскву" было аб'яўлена, што Яўген Прыгожын пагадзіўся перабрацца ў Беларусь, а "вагнераўцаў" пераследаваць не будуць. Аднак высветлілася, што крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу ў Расіі не спыненая і працягвае расследавацца. Таму не дзіўна, што Прыгожын шкадуе пра забітых расійскіх пілотаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі