Яўген Прэйгерман патрабуе ад “Белсата” афіцыйных выбачэнняў

Яўген Прэйгерман патрабуе ад “Белсата” афіцыйных выбачэнняў

Арганізатары форуму “Мінскі дыялог” патрабуюць, каб кіраўніцтва тэлеканала “Белсат” прынесла афіцыйныя выбачэнні “за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста”. У адваротным выпадку яны пагражаюць спыніць усялякую супрацу з “Белсатам” і не даваць журналістам тэлеканала акрэдытацыяў ні на адно сваё мерапрыемства.

Ліст з такімі патрабаваннямі кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман даслаў на імя кіраўніцы “Белсата” Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Экспертная ініцыятыва “Мінскі дыялог” была арганізатарам "Мінскага дыялогу". 

“Агулам пры азнаямленні з прысвечанымі форуму матэрыяламі “Белсат” цяжка не заўважыць тэндэнцыёзнасць рэдакцыйнай палітыкі”, — гаворыцца ў лісце Прэйгермана.

Прэйгерман патрабуе, каб да 25 чэрвеня кіраўніцтва канала прынесла прабачэнні арганізатарам "Мінскага дыялогу" на сайце і ў тэлеэфіры.  

Як адзначае прэс-служба БАЖ, ліст быў дасланы на адрас аднаго з супрацоўнікаў "Белсата" і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Каментуючы яго, афіцыйны прадстаўнік Belsat TV у Беларусі Аляксей Мінчонак падкрэсліў, што арганізатары форуму ад пачатку былі негатыўна настроеныя да журналістаў "Белсата". 

Па яго словах, журналісты тэлеканала змаглі атрымаць акрэдытацыю на форуме толькі пасля ўмяшання намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. "Да гэтага, за дзень да сканчэння працэдуры акрэдытацыі ў працы на форуме, нам было адмоўлена без тлумачэння прычынаў. На мае шматлікія тэлефанаванні Яўген Прэйгерман не адказваў, іншыя прадстаўнікі дырэкцыі "Мінскага дыялогу" дапамагчы ў развязанні праблемы не змаглі", — адзначае Мінчонак. 

Ён дадаў, што дырэктарка тэлеканалу дасць адказ Прэйгерману ў акрэслены ім тэрмін. 

"Мінскі дыялог" прайшоў 23-25 траўня. У ім удзельнічалі каля 500 прадстаўнікоў з 59 краін, у тым ліку на ім выступіў кіраўнік Беларуі Аляксандр Лукашэнка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі