Вы тут

Ярмошына: Празрыстыя скрыні для галасавання — не модна, модна — напаўпразрыстыя

Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына патлумачыла, чаму на выбарах у Беларусі не будзе празрыстых скрыняў для галасавання. Па яе словах, у іншых краінах ад гэтай выбарчай тэхналогіі ўжо адмаўляюцца. І тое, што ў Беларусі яе не паспелі ўкараніць — "можа быць, правільна":

"У нас без канца проста гэта ідзе ўсеагульны ціск: калі ў нас будуць пагалоўна, напрыклад, прымяняцца празрыстыя скрыні для галасавання? Адразу ж магу сказаць: не модна гэта ўжо. Больш за тое, супярэчыць міжнародным стандартам, — распавяла Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю Юліі Огневай, вядучай праграмы "Неделя" на СТВ. — Скрыні павінны быць напаўпразрыстыя, таму што празрыстыя не забяспечваюць тайну волевыяўлення выбаршчыкаў. Як бачыце, мы яшчэ не прыйшлі, а ад гэтага ўжо адмаўляюцца".

Затое, па словах старшыні ЦВК, модна — напаўпразрыстыя скрыні. Таксама модна ўжываць электроннае галасаванне (прынамсі, часткова). "Я думаю, што мы таксама будзем гэта з часам ўжываць, проста ўсё будзе прымяняцца таксама паступова", — дадала Ярмошына.

 

Тым часам, празрыстыя скрыні выкарыстоўваліся сёлета на парламенцкіх выбарах ва Украіне

Падобна да таго, што адмаўляцца ад іх ніхто не збіраецца:

Парламенцкія выбары ва Украіне / Еўрарадыё

Чаго яшчэ не будзе на выбарах у Беларусі

Па словах Лідзіі Ярмошынай, кандыдаты ў дэпутаты не маюць права збіраць грошы на выбарчую кампанію краўдфанынгам. Гэта таму, што падчас крауд-кампаніі немагчыма адсачыць, каб ахвяравальнік быў паўналетнім грамадзянінам Беларусі. Усе грошы, якія збірае кандыдат, павінны праходзіць праз адмысловы рахунак у "Беларусбанку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.